Пошук

Святы Айцец: мігранты вучаць нас не губляць надзею

Мігранты – настаўнікі надзеі. Клопат пра іх патрабуе сур’ёзных душпастырскіх праяў блізкасці і разумення, што кожны чалавек з’яўляецца каштоўным і святым Божым дарам, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 кастрычніка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў XVI Генеральнага капітула кангрэгацыі Місіянераў святога Карла – манаскай супольнасці, заснаванай у 1887 годзе італьянскім біскупам, святым Джавані Батыстам Скалабрыні, у сувязі з чым яе членаў часта называюць “скралабрыніянамі”.

Францішак высока ацаніў той факт, што капітул, які праходзіць напярэдадні Юбілею, законнікі прысвяцілі тэме Святога года: Пілігрымы надзеі. Ён прапанаваў паразважаць над гэтай цнотай, звяртаючыся да трох аспектаў дзейнасці місіянераў: клопату пра мігрантаў, душпастырства і міласэрнага служэння.

Мігранты – настаўнікі надзеі

“Па-першае, мігранты. Яны – настаўнікі надзеі... Яны адпраўляюцца ў шлях з надзеяй “знайсці хлеб штодзённы ў іншым месцы”, як казаў святы Джавані Батыста Скалабрыні, і не скараюцца, нават калі ўсё “вяслуе супраць іх”, нават калі сустракаюць закрытасць і непрыняцце. Іх настойлівасць, якая часта падтрымліваецца любоўю да сям’яў, якія яны пакінулі, вучыць многаму”, - падкрэсліў Папа.

Францішак зазначыў, што “пошук будучыні, які натхняе мігранта”, з’яўляецца выразам “патрэбы ў збаўленні, якая аб’ядноўвае ўсіх, незалежна ад расы і стану”. Больш за тое, “вандроўніцтва”, правільна зразуметае і перажытае, можа стаць, нават у пакутах, каштоўнай школай веры і чалавечнасці, як для тых, хто дапамагае, так і для тых, хто атрымлівае дапамогу. Давайце не будзем забываць: гісторыя збаўлення – гэта гісторыя мігрантаў, народаў, якія пілігрымуюць”, - дадаў ён.

Душпастырства, якое ўмацоўвае надзею

Гаворачы пра душпастырства надзеі, як важны аспект дзейнасці Місіянераў святога Карла, Францішак зазначыў, што, калі міграцыя суправаджаецца належнай падтрымкай, яна дапамагае ўзрастанню ўсіх; але, калі яна перажываецца ў адзіноце і пакінутасці, тады “можа перарасці ў драму экзістэнцыяльнага адчужэння, крызіс каштоўнасцяў і перспектыў, што можа прывесці да роспачы і страты веры”.

“Несправядлівасць і гвалт, якія спазнаюць многія нашы браты і сёстры, вымушаныя пакінуць свае дамы, часта настолькі бесчалавечныя, што могуць увесці нават самых моцных у цемру роспачы і безнадзейнасці. Калі мы хочам, каб у іх не пагасла сіла і вытрываласць, неабходная, каб працягваць распачатую вандроўку, патрэбны тыя, хто зоймецца іх ранамі, клапоцячыся пра іх фізічную, духоўную і псіхалагічную ўразлівасць. Патрэбны сур’ёзныя пастырскія праявы блізкасці, на матэрыяльным, рэлігійным і чалавечым узроўні, каб падтрымаць у іх надзею, а разам з ёй – духоўныя шляхі, якія вядуць да Бога, вернага спадарожніка на шляху, заўсёды прысутнага побач з тым, хто пакутуе”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што сёння многія краіны маюць патрэбу ў мігрантах. Ён прывёў у прыклад Італію, падкрэсліўшы, што сярэдні ўзрост насельніцтва ў гэтай краіне – 46 гадоў. “Італія мае патрэбу ў мігрантах і павінна прымаць іх, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць. Мы павінны сказаць гэту праўду”, - сцвердзіў ён.

Кожны чалавек – Божы дар

У апошняй частцы сваёй прамовы Пантыфік нагадаў словы святога Джавані Батыста Скаларбыні, які казаў напярэдадні Юбілею 1900 года: “Свет стогне пад цяжарам вялікіх бедстваў”.

“Гэта цяжкія словы, але, на жаль, яны гучаць актуальна і сёння. Таксама і сёння, тыя, хто з’язджае, часта робяць гэта з-за трагічнай і несправядлівай адсутнасці магчымасцей, дэмакратыі, будучыні ці разбуральных сцэнарыяў вайны, якія раздзіраюць планету. Да гэтага дадаюцца закрытасць і варожасць багатых краін, якія бачаць у тых, хто грукае ў дзверы, пагрозу ўласнаму дабрабыту... Такім чынам, у драматычным супрацьстаянні інтарэсаў тых, хто абараняе сваё працвітанне, і барацьбы тых, хто спрабуе выжыць, ратуючыся ад голаду і пераследу, вельмі шмат людзей гіне пад абыякавымі позіркамі тых, хто проста назірае за гэтым відовішчам або, што яшчэ горш, спекулюе на пакутах”, - сказаў Францішак.

Папа нагадаў, што ў Бібліі адным з законаў Юбілею было вяртанне зямлі тым, хто яе згубіў. “Сёння такі чын справядлівасці можна прыняць канкрэтную форму ў іншым кантэксце – у міласэрным служэнні, якое ставіць у цэнтр асобу, яе правы і годнасць, пераадольваючы адчужальныя стэрэатыпы, каб прызнаць у іншым, кім бы ён ні быў і адкуль бы ні прыйшоў, Божы дар, выключны, святы, недатыкальны, каштоўны для агульнага дабра”, - сцвердзіў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.
 

28 кастрычніка 2024, 11:49