13 ключоў: Папа благаславіў праект будаўніцтва дамоў для бедных
Марыя Валодзіна - Vatican News
Цырымонія адбылася ў базіліцы святога Пятра. Пантыфік благаславіў трынаццаць ключоў, якія сімвалізуюць вінцэнцыянскую ініцыятыву 13 дамоў. Праект рэалізуецца Альянсам па барацьбе з беспрытульнасцю FamVin, якая аб’ядноўвае духоўных паслядоўнікаў святога Вінцэнта дэ Поля ў розных краінах свету. У 1643 годзе гэты святы заснаваў трынаццаць дамоў для вулічных дзяцей у Парыжы. Дамы давалі дзецям не толькі прытулак, але і адукацыю і жыццёвыя навыкі.
Ключы, якія благаславіў Папа, сімвалізуюць дамы ў трынаццаці краінах на пяці кантынентах: у Сірыі, Аўстраліі, Бразіліі, Камбоджы, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Чылі, Коста-Рыцы, Італіі, Сенегале, Танзаніі, Тонга, Вялікабрытаніі і Украіне. У некаторых краінах, напрыклад, у Вялікабрытаніі, гаворка ідзе пра адзін шматсямейны будынак. У Сірыі, да якой Папа Францішак праявіў асаблівую блізкасць, плануецца пабудаваць трынаццаць дамоў у Дамаску і Хомсе.
Плануецца, што на працягу наступнага Юбілейнага года сем'і, якія ўдзельнічаюць у праекце, наведаюць Ватыкан, каб атрымаць ключы ад сваіх новых дамоў.
“Мы спадзяемся, што ініцыятыва натхніць іншых у Касцёле на падобныя намаганні", - зазначыў каардынатар Альянса FamVin Марк МакГрыві.