Пошук

Францішак: асабістая сустрэча з Хрыстом перамяняе жыццё

Святы Айцец заклікаў семінарыстаў наследаваць прыклад вялікай любові Хрыста, слухаць Яго голас у цішыні эўхарыстычнай адарацыі і быць гатовымі весці да Яго людзей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 лістапада 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане супольнасць духоўнай семінарыі горада Таледа, параўнаўшы іх пілігрымку ў Рым з традыцыйнымі працэсіямі, якія праводзяцца каталіцкімі брацтвамі ў розных мястэчках Іспаніі.

Углядацца ў Божы народ

“Гэта аналогія мне прыйшла на думку ў першую чаргу таму што заўсёды карысна паглядзець на святы Божы народ і яго простую духоўнасць”, - сказаў Папа, нагадваючы, што святар павінен клапаціцца пра сваю блізкасць з Богам, біскупам, братамі ў святарстве і Божым народам.

“Я ведаю, што ў гэтыя дні вы рыхтуецеся да працэсіі з нагоды свята Reservado. Гэта старажытная традыцыя, якая нагадвае пра тое, як Найсвяцейшы Сакрамэнт быў упершыню reservado, гэта значыць, захаваны ў табернакулюме вашай капліцы”, - сказаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што гэты “цікавы ўспамін” складаецца з трох момантаў: эўхарыстычнай цэлебрацыі, выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу ўсяго дня і, нарэшце, працэсіі.

Заклік да найбольшай любові

“Гэтыя этапы могуць нагадваць пра фундаментальныя элементы святарства, да якога вы рыхтуецеся. У першую чаргу – эўхарыстычная цэлебрацыя. Гэта Езус, які прыходзіць у наша жыццё, каб даць пацвярджэнне самай вялікай любові. Ён запрашае нас як Касцёл служыць у святарстве і народзе, у сакрамэнце і слове. Няхай Яго прысутнасць на зямлі напоўніць вашы жыцці і сэрцы”, - пажадаў Святы Айцец.

Імпульс, які перамяняе жыццё

Разважаючы над святочным выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, Папа нагадаў, што гэта час, каб застацца сам на сам з Богам, пачуць Яго голас у цішыні, слуханні Божага слова, сведчанні веры тых, хто моліцца побач. “Толькі асабістая і напоўненая любоўю сустрэча з Езусам можа асвяціць, захаваць і падтрымаць бег нашай зямной штодзённасці. Няхай гэта сустрэча па-сапраўднаму стане плённым імпульсам, які пераменіць ваша жыццё”, - заахвоціў семінарыстаў Пантыфік.

Весці Хрыста да народу і народ да Хрыста

“Напрыканцы вы несяце Пана ў працэсіі, бо мы атрымліваем Яго, каб несці, наша служэнне заключаецца ў тым, каб весці Хрыста да Яго народу і народ да Хрыста”, - сказаў Папа, заклікаючы навучэнцаў духоўнай семінарыі, “не адрываючы позірку ад Таго, хто вядзе, навучыцца ісці разам у надзеі на сустрэчу, смак якой можна адчуць ужо тут у сакрамэнтах”.
 

07 лістапада 2024, 11:28