Пошук

Францішак да Касцёла, урадаў і свету: не забываць пра бедных

Пра трывогу і надзею, якія заўсёды змагаюцца ў нашых сэрцах, разважаў Францішак у сваёй гаміліі падчас святой Імшы, якая 17 лістапада 2024 года прайшла ў базіліцы святога Пятра з нагоды Сусветнага дня бедных.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Спасылаючыся на словы евангельскага літургічнага ўрыўка пра спусташэнне Юдэі, Пантыфік адзначыў, што Езус “абвяшчае нешта надзвычайнае: у самую цяжкую гадзіну цемры і спусташэння, менавіта калі ўсё, здаецца, рушыцца, прыходзіць Бог, Бог набліжаецца, Бог збірае нас разам, каб выратаваць”.

Езус заклікае нас глядзець на гістарычныя падзеі праз прызму надзеі, усведамляючы, што “нават у трывозе нашых сэрцаў і нашага часу ззяе непахісная надзея”, - сказаў Францішак, прапаноўваючы паразважаць пра гэтыя дзве рэальнасці, трывогу і надзею, якія заўсёды змагаюцца ў нашых сэрцах.

Трывога ў сучасным свеце

Пантыфік адзначыў, што сёння пачуццё трывогі шырока распаўсюджана ў грамадстве, паколькі “сацыяльныя сеткі ўзмацняюць праблемы і пакуты, робячы свет больш ненадзейным, а будучыню больш няпэўнай”. "Калі мы абмяжоўваем наш позірк толькі апісаннем падзей, мы дазваляем трывозе ўзяць верх", - падкрэсліў ён. Сутыкаючыся з такімі глабальнымі праблемамі, як голад, жахі вайны і смерць нявінных, “мы рызыкуем упасці ў роспач і не заўважыць прысутнасць Бога ў драме гісторыі. Робячы гэта, мы асуджаем сябе на бяссілле”, - папярэдзіў Папа. Такое жыццё, нічога не зробіш, - думаем мы, у той час як няроўнасць расце і эканоміка карае найслабейшых, якім нічога не застаецца рабіць, як працягваць чакаць (пар. Evangelii gaudium, 54).

Надзея ў цемры

“Менавіта тут, падчас гэтай апакаліптычнай сцэны, Езус распальвае надзею. Ён адкрывае гарызонт, пашырае наш погляд, каб нават у няўпэўненасці і болі свету мы маглі навучыцца адчуваць прысутнасць Божай любові, якая набліжаецца да нас, не пакідае нас і дзейнічае дзеля нашага збаўлення. Сапраўды, калі зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі будуць падаць з неба, Евангелле кажа: "убачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба" (Мк 13, 26-27),” - сказаў Святы Айцец.

“Гэтымі словамі Езус папярэджвае пра сваю смерць, якая адбудзецца неўзабаве пасля гэтага. Сапраўды, на Галгофе памеркне сонца і на свет сайдзе ноч. Аднак менавіта ў гэты момант Сын Чалавечы будзе бачны на аблоках, бо сіла Яго Уваскрэсення разарве ланцугі смерці, вечнае жыццё Бога паўстане з цемры магілы, і новы свет народзіцца з руін гісторыі, спустошанай злом”, - сцвердзіў Пантыфік.

Выкарыстоўваючы прыгожы вобраз смакоўніцы, Езус дае зразумець, што нават у самыя цёмныя часы можна ўбачыць знакі Божай прысутнасці: "Калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета" (Мк 13, 28). “Мы таксама пакліканы тлумачыць знакі нашага часу тут, на зямлі. Там, дзе, здаецца, існуе толькі несправядлівасць, боль і беднасць – у самы драматычны момант – Пан набліжаецца, каб вызваліць нас з рабства і даць жыццю заззяць”, - сказаў Францішак.

“У таго, хто дае міласціну, я пытаюся дзве рэчы: ты дакранаешся да рук людзей або кідаеш манету, не дакранаючыся да іх? Ты глядзіш у вочы чалавеку, якому дапамагаеш, або глядзіш у іншы бок?” - дадаў Святы Айцец.

Заклік да дзеяння

Папа падкрэсліў, што надзея патрабуе актыўных дзеянняў. “Мы можам сеяць надзею ў гэтым свеце праз моц Святога Духа. Мы можам і павінны запальваць агні справядлівасці і салідарнасці нават тады, калі цені нашага адасобленага свету паглыбляюцца (пар. Fratelli tutti, 9-55).

Пантыфік нагадаў, што хрысціянская надзея патрабуе актыўнага ўдзелу вернікаў, павінна быць рэалізавана праз канкрэтныя справы міласэрнасці. Вера ў Хрыста, які “стаў бедным і заўсёды быў блізкі да бедных і адрынутых”, непарыўна звязана з клопатам аб цэласным развіцці найбольш занядбаных членаў грамадства" (Evangelii gaudium, 186).

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці гляджу я ў іншы бок, калі бачу галечу, патрэбы, боль іншых? ці адчуваю я спачуванне да бедных, тых, у каго няма працы, у каго няма ежы, хто маргіналізаваны грамадствам?

“Адзін тэолаг XX стагоддзя сказаў, што хрысціянская вера павінна нараджаць у нас містыцызм з адкрытымі вачыма, а не духоўнасць, якая ўцякае ад свету”, - сказаў Францішак, дадаючы, што вера павінна дапамагаць нам бачыць і разумець пакуты свету. Папа заклікаў вернікаў здзяйсняць штодзённыя маленькія жэсты: клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, імкнуцца да справядлівасці, дзяліцца сваімі дабротамі з бяднейшымі. “Гэта можа здавацца нам дробязямі, але гэтыя маленькія намаганні могуць стаць першым лісцем, якое з'яўляецца на смакоўніцы: прадвесцем блізкага лета”, - заўважыў ён.

Цытуючы кардынала Марціні, Святы Айцец падкрэсліў, што трэба “пазбягаць разгляду Касцёла як аддзеленага ад бедных, быццам Касцёл існуе як незалежная рэальнасць”. "Мы становімся Касцёлам Езуса настолькі, наколькі мы служым бедным, бо толькі такім чынам Касцёл становіцца сабой, гэта значыць, домам, адкрытым для ўсіх, месцам Божай міласэрнасці для кожнага чалавека", - сказаў ён.

Напрыканцы гаміліі Францішак звярнуўся да Касцёла, урадаў і міжнародных арганізацый з заклікам: “Калі ласка, давайце не забываць пра бедных!”

17 лістапада 2024, 11:17