Пошук

Папа манахіням: будзьце настаўніцамі мастацтва малітвы

Служэнне і апостальская дзейнасць не перашкаджаюць сустрэчы з Богам, а з'яўляюцца яе плёнам, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы важнасць навучання новых пакаленняў мастацтву малітвы і паслухмянасці Божым натхненням.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы групу пілігрымаў, якая прыбыла ў Ватыкан з нагоды завяршэння святкавання 450-годдзя дзейнасці кляштару аўгустыніянак у іспанскім горадзе Талавера-дэ-ла-Рэйна.

“Ад самага свайго заснавання гэты кляштар злучае сузіральнае жыццё са служэннем хрысціянскай адукацыі, і, магчыма, многія з вас увайшлі ў кантакт з гэтымі манахінямі ў школьныя гады”, - заўважыў Францішак, называючы лад жыцця законніц прыкладам таго, што служэнне і апостальская дзейнасць не перашкаджаюць сустрэчы з Панам, але павінны быць яе плёнам.

Быць прыкладам духоўнага жыцця

Пантыфік папрасіў пілігрымаў перадаць іспанскім аўгустыніянкам яго благаслаўленне і просьбу не толькі маліцца за яго, але таксама “быць прыкладам духоўнага жыцця, настаўніцамі мастацтва малітвы, каб у школе, сярод розных ведаў, якія яны могуць пераказваць дзецям, вылучалася здольнасць размаўляць з Богам, слухаць Яго, адчуваць Яго прысутнасць у кожную хвіліну жыцця і прымаць з паслухмянасцю Яго натхненні”.

Святасць заўсёды радасная

Папа заклікаў сваіх гасцей ніколі не губляць пачуцця гумару. Ён падкрэсліў, што святасць заўсёды радасная і паставіў у прыклад святога Тамаша Мора. Францішак запэўніў у духоўнай блізкасці ўвесь народ Іспаніі, у сувязі з моцнай паводкай, якая абрынулася на Валенсію, а таксама заахвоціў пілігрымаў прымаць блізка да сэрца праблемы іншых людзей.

450 гадоў малітвы і служэння

Кляштар аўгустыніянак у Талавера-дэ-ла-Рэйна носіць імя святога Ільдэфонса і быў заснаваны ў 1573 годзе іспанскім святым Альфонса дэ Ароскам. За сваю гісторыю ён перажыў шматлікія выпрабаванні. Асабліва цяжкім быў перыяд Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, падчас якой манахіні на некаторы час былі вымушаны пакінуць сваю гістарычную сядзібу. У нашыя дні аўгустыніянкі працягваюць спалучаць сузіральнае жыццё з дзейнасцю ў адукацыйнай сферы, удзяляючы вялікую ўвагу працы з сем’ямі і моладдзю.
 

07 лістапада 2024, 12:00