Пошук

Кніга Францішка “Вера – гэта падарожжа” Кніга Францішка “Вера – гэта падарожжа” 

Францішак: вера – гэта падарожжа, якое вядзе да Бога

Вера – гэта няспынны пошук Бога, сцвярджае Папа ў новай кнізе пад загалоўкам “Вера – гэта падарожжа” ("La fede è un viaggio"). Яна выйшла ў свет 6 лістапада 2024 года ў Ватыканскім выдавецтве LEV і ўяўляе сабой зборнік урыўкаў з прамоў Пантыфіка аб тэалагічнай цноце веры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У прадмове да кнігі Святы Айцец падкрэсліў, што вера – гэта падарожжа, напоўненае рызыкай, намаганнямі і надзеяй. Ён згадаў, як, будучы святаром і біскупам у Буэнас-Айрэсе, любіў хадзіць пешшу па гораду, наведваць святароў, манаскія супольнасці і сяброў. Хадзіць пешшу карысна: шпацыр дазваляе нам быць у кантакце з навакольным светам, адчуваць яго гукі і пахі, “прасцей кажучы, набліжае нас да жыцця людзей”, - сцвердзіў Папа.

На думку Францішка, верыць – значыць мець унутраны неспакой, які падштурхоўвае чалавека да "большага". Нашы адносіны з Богам, як і адносіны з каханымі ці сябрамі, ніколі не завершаныя. Пра адносіны з Богам немагчыма сказаць сабе: “Усё, я дасягнуў мэты, гэтага дастаткова ”, - лічыць Пантыфік.

Вера – гэта пілігрымка

У 2025 годзе вернікі ўсяго свету будуць адзначаць Юбілей, які павінен нагадаць, што “вера – гэта пілігрымка, а мы на гэтай зямлі – пілігрымы”. Не турысты і не валацугі, якія блукаюць выпадкова, без мэты. Мы – пілігрымы. У жыцці пілігрыма ёсць тры ключавыя элементы: рызыка, намаганне і мэта, - адзначыў Святы Айцец.

Рызыка. У мінулым, тысячу гадоў таму, паломніцтва было вельмі небяспечным. Пілігрымы адважваліся на падарожжа, не ведаючы, ці вернуцца дадому. Але іх вера была мацнейшая за страх. “Пілігрымы мінулых гадоў вучаць нас гэтаму даверу да Бога, які заклікаў іх ісці да магіл апосталаў, у Святую Зямлю або да святыні”, - напісаў Папа, заклікаючы сучасных вернікаў пайсці на рызыку і даверыцца Богу, Яго волі, як дзеці давяраюць сябе клопату добрага бацькі.

Намаганне. Паломніцтва – гэта намаганне. Многія сучасныя пілігрымы, якія хадзілі па старажытных маршрутах, такіх як Санц'яга-дэ-Кампастэла і іншых, ведаюць, што значыць стомленасць, невыносная спёка, сціплая ежа, смага. Але за гэтыя цяжкасці яны ўзнагароджваюцца многімі дарамі: красою прыроды, прыгажосцю мастацтва, гасціннасцю людзей. Пілігрымы разумеюць каштоўнасць простых рэчаў і знаходзяць сапраўдны супакой у адсутнасці лішняга, - адзначыў Папа.

Мэта. Пілігрымка заўсёды мае пэўную мэту. Той, хто шчыра верыць у Бога, ніколі не страчвае сэнс свайго шляху, таму што атрымаў у дар зорку, якая паказвае шлях, – любоў Бога. Гэтая любоў, атрыманая ад Бога, павінна натхняць на любоў да людзей.

На думку Святога Айца, “Бог – наша мэта, але мы не можам дасягнуць яе, як дасягаем храма або базілікі. Напрыклад, пілігрым можа дайсці да Шартрскага сабора і адчуць радасць, але ўнутры яго існуе разуменне, што шлях яшчэ не завершаны. Бог, як мэта, увесь час заклікае нас рухацца далей. Ён заўсёды больш велічны, чым любыя нашы ўяўленні пра Яго. “З Богам мы ніколі не дасягаем канчатковай мэты падарожжа, мы заўсёды на шляху, заўсёды ў Яго пошуках. Але менавіта гэты шлях да Бога дае нам ап'яняльную ўпэўненасць у тым, што Ён чакае нас, каб даць нам суцяшэнне і ласку”, - напісаў Папа.

06 лістапада 2024, 10:58