Пантыфік адказаў на пытанне чытачкі новага ватыканскага часопіса
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 лістапада 2024 года дырэктар па камунікацыях базілікі святога Пятра, айцец Энца Фартуната анансаваў выхад новага штомесячнага часопіса Плошча святога Пятра (Piazza San Pietro). Адным з аўтараў выдання стаў Папа Францішак. У першым выпуску ён адказаў на ліст жанчыны з італьянскага горада Бергама.
Ліст даслала Аліва, бабуля трох унукаў. Яе 5-гадовая ўнучка не была ахрышчана. Бацькі жывуць у грамадзянскім шлюбе і аддаліліся ад веры ў падлеткавым узросце. Бабуля моцна перажывае з гэтай прычыны, бо лічыць важным “мець побач Пана, маліцца Яму, слухаць Яго і адчуваць Яго любоў”. Аліва задаецца пытаннем, “што думае пра ўсё гэта Езус”, і звяртаецца да Папы Францішка па суцяшэнне і параду.
У сваім адказе Святы Айцец выказвае бабулі спачуванне (“Разумею Вашы пакуты”) і тлумачыць важнасць хросту. Хрост – гэта вялікі дар, які дазваляе Хрысту і Святому Духу ўвайсці ў жыццё дзіцяці. “У гэтыя гады я ахрысціў шмат дзяцей ў Саборы святога Пятра, у шпіталях, і гэта заўсёды вялікая радасць”, - піша Папа.
Ён заклікае чытачку не страчваць надзею, калі бацькі аддаліліся ад веры: “Малітва можа зрабіць шмат. Малітва творыць цуды. Маліцеся з большай верай”. Пантыфік прыводзіць у прыклад святую Моніку, якая няспынна малілася аб навяртанні свайго сына Аўгусціна, які стаў біскупам і святым.
Папа таксама тлумачыць сэнс і важнасць хросту немаўлят. Гэтым мы даем ім “нешта незвычайнае, прыгожае, добрае”: магчымасць адчуць сябе Божымі дзецьмі. Ён раіць бацькам “не думаць занадта шмат пра мірскія святочныя цырымоніі”, а жыць верай проста і супольна. “Хрысціць дзіця азначае давяраць Пану, Святому Духу, таму што, калі мы хрысцім дзіця, у яго ўваходзіць Святы Дух, і Святы Дух выхоўвае ў гэтым дзіцяці хрысціянскія цноты, якія затым расквітнеюць”, - напісаў Францішак.
Хрост нельга навязваць бацькам, якія не жадаюць хрысціць сваіх дзяцей, але бабулі і дзядулі могуць дапамагчы сваім асабістым прыкладам і шчырым дыялогам. “Суправаджайце сваіх дзяцей, размаўляйце з імі, не настойваючы на хросце. Бескарыслівая любоў больш пераканаўчая, чым многія словы”, - сцвердзіў Папа, падбадзёрваючы Аліву і просячы працягваць маліцца, у тым ліку, і за яго.