Пошук

Францішак: клопат пра бедных – сведчанне Евангелля любові

Міласэрнасць і спачуванне, братэрства і адкрытасць, працягнутая рука і адмаўленне ад культуры адчужэння: у гэтых канкрэтных жэстах любові Касцёл становіцца жывым знакам пяшчоты Бога да ўсіх сваіх дзяцей, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыі французскіх дабрачынных арганізацый Foyer Notre-Dame des Sans-Abri (Прытулак Маці Божай Бяздомных) і Amis de Gabriel Rosset (Сябры Габрыэля Росэ). Гэтыя два аб’яднанні працягваюць справу каталіцкага актывіста і філантропа Габрыэля Росэ (1904–1974), які прысвяціў сваё жыццё служэнню бедным і бяздомным у Ліёне, натхніўшы вялікую колькасць людзей на падобную дзейнасць. Аўдыенцыя адбылася з нагоды 50-годдзя з дня смерці гэтага вялікага каталіцкага дабрачынцы.

“Вы з’яўляецеся сведкамі пяшчоты і міласэрнасці Бога да тых, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы, што Габрыэль Росэ ўмеў распазнаваць прысутнасць Хрыста ў бедных – нашых братах.

“Давайце заўсёды памятаць: “У кожным з гэтых “найменшых” прысутнічае сам Хрыстус. Яго цела зноў становіцца бачным у змучаных, параненых, бічаваных, галодных, бежанцах..., каб мы маглі Яго распазнаць, дакрануцца і клапатліва Яму дапамагчы (Misericordiae Vultus, 15). Дакрануцца да беднага, дапамагчы беднаму – гэта “сакрамэнталія” ў Касцёле”, - сказаў Папа, нагадваючы, што дапамога бедным дазваляе людзям бачыць Евангелле любові.

“Прапануючы ім прытулак, ежу, усмешку, працягваючы свае рукі без страху запэцкаць іх, вы вяртаеце ім годнасць, і ваша адданасць кранае сэрца нашага часта раўнадушнага свету”, - дадаў Святы Айцец.

“Міласэрнасць і спачуванне, братэрства і адкрытасць, працягнутая рука і адмаўленне ад культуры адчужэння: менавіта ў гэтых канкрэтных жэстах любові Касцёл становіцца жывым знакам пяшчоты Бога да ўсіх сваіх дзяцей”, - сцвердзіў Францішак, заклікаючы наследаваць мацярынскі клопат Панны Марыі, вобраз Касцёла, якая шырока разводзіць рукі, каб прыняць усіх, а таксама ахвяруе сваё найкаштоўнейшае дабро, Езуса, дазваляючы бедным атрымаць пяшчоту і палёгку.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей вучыцца ў Багародзіцы духоўнаму жыццю, нагадаўшы, што Яна захоўвала ў сэрцы Божае слова і разважала над ім; была адкрытай і гатовай да Божых нечаканасцяў; была ўважлівай да патрэбаў бліжніх і не баялася дакрануцца да пакутаў свету, прыняўшы Езуса ў свае рукі ля падножжа крыжа.

“Дарагія сябры з Notre-Dame des Sans-Abri, для многіх вы з’яўляецеся жывым вобразам гэтага мацярынскага спачування. Сваёй прысутнасцю, сваім слуханнем вы паказваеце, што Марыя і Езус ніколі не перастаюць ісці побач са сваімі братамі, тымі, пра каго надта часта забываюцца. Выконвайце сваё служэнне з сілай любові. Вы дазваляеце многім мужчынам і жанчынам знайсці наноў сваю годнасць і надзею, нават сярод выпрабаванняў”, - падкрэсліў на заканчэнне прамовы Францішак.
 

13 лістапада 2024, 10:18