Пошук

П'ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс П'ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс 

Кананізацыя Фрасаці і Акуціса адбудзецца падчас Юбілейнага года

Падчас агульнай аўдыенцыі 20 лістапада 2024 года Францішак абвясціў, што ў 2025 годзе адбудзецца кананізацыя Карла Акуціса і П'ер Джорджа Фрасаці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне аб кананізацыі двух маладых благаслаўлёных было прынята ў кантэксце Юбілейнага 2025 года, які будзе адзначацца пад дэвізам: Пілігрымы надзеі.

Кананізацыя благаслаўлёнага Карла Акуціса адбудзецца падчас Дня дзяцей і моладзі, які пройдзе з 30 мая па 1 чэрвеня 2025 года.

Карла Акуціс, які памёр ад лейкеміі ва ўзросце 15 гадоў у 2006 годзе, быў беатыфікаваны ў 2020 годзе. Ён вядомы сваёй глыбокай верай і выкарыстаннем сучасных тэхналогій для евангелізацыі. Малады італьянец стварыў анлайн-выставу пра эўхарыстычныя цуды і стаў прыкладам для моладзі ў спалучэнні веры і лічбавых тэхналогій.

Кананізацыя благаслаўлёнага П'ер Джорджа Фрасаці запланавана на Сусветны дзень моладзі, які будзе праходзіць з 28 ліпеня па 5 жніўня 2025 года.

Фрасаці, які памёр у 1925 годзе ва ўзросце 24 гадоў, быў беатыфікаваны святым Янам Паўлам II у 1990 годзе. Ён вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю і актыўным сацыяльным служэннем, за што атрымаў мянушку "чалавек васьмі благаслаўленняў".

Абодва будучыя святыя з'яўляюцца прыкладам для сучаснай моладзі, паказваючы, што святасць магчымая ў любым узросце і ў любых абставінах. Іх кананізацыя падчас Юбілейнага года падкрэслівае важнасць маладога пакалення ў жыцці Касцёла і ў справе новай евангелізацыі.
 

20 лістапада 2024, 10:49