Падчас перадачы сімвалаў СДМ – Крыжа і абраза Маці Божай – ад партугальскай дэлегацыі да карэйскай Падчас перадачы сімвалаў СДМ – Крыжа і абраза Маці Божай – ад партугальскай дэлегацыі да карэйскай  (AFP or licensors)

Папа перадаючы Крыж СДМ: карэйская моладзь, цяпер ваша чарга!

Францішак звярнуўся да моладзі падчас перадачы сімвалаў Сусветных Дзён Моладзі – Крыжа і абраза Маці Божай – ад партугальскай дэлегацыі да карэйскай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Перадача сімвалаў СДМ адбылася 24 лістапада 2024 года ў Ватыкане ў прысутнасці Папы, які падкрэсліў важнасць гэтага моманту для маладых людзей з усяго свету. Святы Айцец асабліва павітаў дэлегацыі з Партугаліі, дзе ў мінулым годзе праходзілі Сусветныя Дні Моладзі, і з Паўднёвай Карэі, якая прыме наступную сустрэчу ў Сеуле ў 2027 годзе.

Звяртаючыся да карэйскай моладзі, Пантыфік заклікаў іх да мужнасці ў сведчанні Хрыстовай любові ў Азіі. "Майце адвагу сведчыць надзею, якая сёння патрэбна нам больш, чым калі-небудзь", - падкрэсліў Пантыфік, дадаўшы, што там, дзе праходзяць гэтыя сімвалы, павінны ўзрастаць упэўненасць у непераможнай Божай любові і братэрства паміж народамі.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на маладых людзей, якія з'яўляюцца ахвярамі канфліктаў і войнаў, падкрэсліўшы, што сімвалы Сусветных Дзён павінны стаць для іх крыніцай падтрымкі і суцяшэння.

Гэтыя сімвалы былі даверны моладзі святым Янам Паўлам II, каб яны неслі іх па ўсім свеце як знак Хрыстовай любові і еднасці.
 

24 лістапада 2024, 12:13