Лагатып візіту Папы Францішка ў Ажаксьё на Корсіцы Лагатып візіту Папы Францішка ў Ажаксьё на Корсіцы 

Францішак наведае Корсіку: усе дэталі гістарычнага візіту

У нядзелю 15 снежня 2024 года адбудзецца гістарычны візіт Папы Францішка ў Ажаксьё на Корсіцы. Падзея звязана з завяршэннем кангрэса па народнай рэлігійнасці ў Міжземнамор'і і мае глыбокае сімвалічнае значэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Езус хадзіў, робячы дабро” – менавіта гэтыя словы з Дзеяў Апосталаў (10, 38) сталі дэвізам папскага падарожжа. Яны падкрэсліваюць пастырскі характар наведвання Корсікі Францішкам, які прыязджае як пастыр да свайго статку.

Да візіту быў распрацаваны спецыяльны лагатып, які адлюстроўвае духоўную сутнасць падзеі. На зялёна-блакітным фоне, які сімвалізуе мора, размешчана стылізаваная выява Корсікі з крыжам наверсе. Жоўтая лінія, якая спускаецца зверху, сімвалізуе Духа Святога. На лагатыпе таксама прысутнічае выява Марыі, Каралевы Корсікі, якая нібы паўстае з марскіх хваль.

23 лістапада 2024 года Святы Пасад апублікаваў афіцыйную праграму апостальскага падарожжа на Корсіку. Яна пачнецца з прылёту ў міжнародны аэрапорт Ажаксьё 15 снежня 2024 года каля 9.00.

Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы Францішак накіруецца ў мясцовы Палац кангрэсаў і выставак, дзе выступіць з прамовай на заключнай сесіі кангрэса, прысвечанага народнай рэлігійнасці ў рэгіёне Міжземнага мора.

У праграме таксама прадугледжана малітва Анёл Панскі ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі разам з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі, падчас якой Святы Айцец звернецца да прысутных са словам.

Кульмінацыяй апостальскага візіту стане святая Імша на Плошчы Аўстэрліц, вядомай таксама як U Casone, дзе Папа прамовіць гамілію.

Пасля літургіі Святы Айцец сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі ў міжнародным аэрапорце Ажаксьё. Пасля цырымоніі развітання каля 18.15 самалёт з Францішкам на борце вылеціць у Рым, куды прыбудзе каля 19.05.
 

23 лістапада 2024, 12:30