Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Папа нагадаў пра праблемы міру, клімату і прыродных катаклізмаў

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 10 лістапада 2024 года ў Ватыкане, Папа скіраваў некалькі важных заклікаў адносна сітуацыі ў свеце і Касцёле.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік звярнуў увагу на тэатры баявых дзеянняў, заклікаючы маліцца “за змучаную Украіну, дзе ўдару падвяргаюцца таксама шпіталі і іншыя грамадзянскія будынкі”, за Палесціну, Ізраіль, Ліван, М’янму і Судан. “Давайце будзем маліцца за мір ва ўсім свеце”, - заахвоціў ён.

Нагадваючы, што 11 лістапада ў сталіцы Азербайджана Баку пачнецца Канферэнцыя аб кліматычных зменах COP 29, Францішак пажадаў, каб яна “зрабіла эфектыўны ўнёсак у абарону нашага супольнага дома”.

Святы Айцец запэўніў у блізкасці насельніцтва вострава Флорэс у Інданезіі, якое пацярпела ад вывяржэння вулкана, а таксама жыхароў Валенсіі і іншых частак Іспаніі, якія змагаюцца з наступствамі моцнай паводкі, заахвочваючы да салідарнасці з гэтымі народамі.

Францішак выказаў занепакоенасць таксама навінамі аб палітычным крызісе ў Мазамбіку, заклікаючы бакі грамадства да дыялогу, цярплівасці і нястомнага пошуку справядлівых рашэнняў. Папа заахвоціў вернікаў маліцца за ўсё насельніцтва Мазамбіку, “каб цяперашняя сітуацыя не прывяла да страты даверу да шляху дэмакратыі, справядлівасці і міру”.

Пантыфік нагадаў таксама, што 9 лістапада ў іспанскай Севільі быў беатыфікаваны ксёндз Хасэ Торэс Падзільё, сузаснавальнік кангрэгацыі Сясцёр Таварыства Крыжа, які жыў у XIX стагоддзі і адзначыўся як руплівы спаведнік і духоўны кіраўнік, даючы сведчанне міласэрнай любові да бедных. “Няхай яго прыклад падтрымае ў першую чаргу святароў у іх служэнні”, - пажадаў Пантыфік.
 

10 лістапада 2024, 12:56