Пошук

Пантыфік: развіваць у моладзі дух служэння і культуру цікаўнасці

Адукацыя павінна не толькі перадаваць змест, а перамяняць жыццё. Не толькі быць паўтарэннем формул, але вучыць бачыць складанасць свету, - падкрэсліў Папа Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў V Глабальнага ўніверсітэцкага сімпозіума, які прайшоў у Рыме на тэму Service-Learning і Глабальны адукацыйны саюз.

Адукацыя павінна вучыць бачыць складанасць свету

На пачатку свайго звароту Францішак прыгадаў сцэну з мастацкага фільма Таварыства мёртвых паэтаў, у якой “вельмі арыгінальны” настаўнік літаратуры ў прэстыжным каледжы на пачатку ўрока прапанаваў вучням устаць на парты і паглядзець на клас з новай перспектывы. “Гэты эпізод паказвае тое, чым павінна быць адукацыя: не толькі перадаваць змест, а перамяняць жыццё. Не толькі быць паўтарэннем формул, але вучыць бачыць складанасць свету”, - сказаў Папа.

Не толькі адрасаты паслання, а ўдзельнікі гісторыі

Святы Айцец падкрэсліў, што такі педагагічны стыль адпавядае стылю Езуса і адной з Яго самых частых форм навучання – прыпавесцям, якія патрабуюць не толькі слухання, але ўваходу ў аповед, суаднясення ўласнага жыцця з жыццём яе герояў. “Езус хоча, каб слухач заставаўся не толькі адрасатам паслання, але, каб уключаўся ў яго асабіста”, - дадаў Пантыфік.

Пагроза ідэалагізацыі адукацыі

“Сённяшняя глабалізацыя нясе пагрозу адукацыі, а менавіта зводзіць яе да пэўных навучальных праграм, якія часта падпарадкаваны палітычным і эканамічным інтарэсам. За гэтай уніфікацыяй хаваюцца формы ідэалагічнай абумоўленасці, якія скажаюць адукацыйную працу, ператвараючы яе ў прыкладу для дасягнення мэт, вельмі далёкіх ад прасоўвання чалавечай годнасці і пошуку праўды”, - сказаў Папа.

Вучыць праз служэнне

Пантыфік нагадаў, што “мы не можам змяніць свет, калі не зменім адукацыю”. У сувязі з гэтым ён заклікаў выкарыстоўваюць у каталіцкіх навучальных установах педагагічны метад service-learning – “навучанне ў служэнні”, які заключаецца ў развіцці грамадзянскай адказнасці вучняў праз іх удзел у сацыяльных праектах. Святы Айцец падкрэсліў, што каталіцкія школы павінны развіваць педагагічны і дыдактычны стыль адпаведны евангельскаму вучэнню.

Кантакт з рэальнасцю і культура цікаўнасці

Папа заклікаў умацоўваць адукацыйныя намаганні на карысць міру, справядлівасці і адкрытасці паміж народамі, дыялогу паміж рэлігіяміі і клопату пра навакольнае асяроддзе. У гэтай дзейнасці ён параіў прытрымлівацца двух прынцыпаў, змешчаных у Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium: “рэальнасць больш важная за ідэю” і “паўната перавышае частку”.

Францішак перакананы, што “педагагічныя праекты павінны весці вучняў да кантакту з рэальнасцю, якая іх акружае, каб, абапіраючыся на досвед, яны навучыліся змяняць свет не для ўласнай выгады, а ў духу служэння”. Ён таксама пажадаў, каб каталіцкая адукацыя развівала ў дзецях “культуру цікаўнасці”, высока цэнячы “мастацтва задавання пытанняў”.

Неабходна прамаўляць з сэрцам

“Давайце падтрымаем моладзь у гэтым даследаванні саміх сябе і свету, не зводзячы пазнаванне толькі да здольнасці розуму, але дапаўняючы яго спрытам працавітых рук і шчодрасцю гарачых сэрцаў”, - пажадаў Папа, нагадваючы, што “ў нашым вадкім свеце неабходна зноў прамаўляць з сэрцам”. Ён папярэдзіў таксама аб тым, што самым сур’ёзным ворагам на шляху сталення з’яўляюцца ідэалогіі.
 

09 лістапада 2024, 11:26