Святы Айцец семінарыстам: нясіце суцяшэнне і надзею вязням
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць служэння ў месцах, пазначаных адсутнасцю свабоды. Трэба несці “алей суцяшэння і віно надзеі” усім зняволеным у турмах, прычым не толькі дзяржаўных, але таксама “ідэалагічных, маральных, тых, якія параджаюць эксплуатацыю, адчай, неадукаванасць і забыццё пра Бога”, - сказаў ён.
Пантыфік нагадаў, што кожны год на Вялікі чацвер наведвае пэнітэнцыярныя ўстановы і падчас літургіі абмывае там ногі вязняў. Святы Айцец расказаў выпадак, калі падчас здзяйснення гэтага абраду ў адной з жаночых турмаў, зняволеная нахілілася да яго і сказала на вуха, што забіла ўласнае дзіця. У сувязі з гэтым Папа заахвоціў семінарыстаў, калі стануць святарамі, наведваць турмы, бо там людзі перажываюць глыбокія ўнутраныя трагедыі і патрабуюць духоўнай дапамогі.
“Вы атрымліваеце прэзбітэрскае намашчэнне, у тым ліку, каб несці вызваленне вязням, тым, якія з’яўляюцца зняволенымі, але нават не разумеючы гэтага: прывязаным да многіх рэчаў культуры і грамадствам, да заганаў і схаваным грахам”, - падкрэсліў Францішак.
Святы Айцец заахвоціў святароў быць адважнымі, самаадданымі і нястомнымі ў нясенні людзям Божай міласэрнасці, а таксама пазбягаць пошуку матэрыяльнай улады і пахвалы, застаючыся часткай свайго народа і будучы адкрытымі да ўсіх, незалежна ад іх паходжання і стану.