Пошук

Пантыфік: трэба мужна спрыяць міру, нават нягледзячы на няўдачы

Святы Бернард з Ментоны вучыць нястомна абвяшчаць Евангелле, клапаціцца пра тых, хто стукае ў нашы дзверы, і не падаць духам, калі спробы спрыяць міру, не прыносяць поспеху, - заўважыў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

11 лістапада 2024 года Папа прыняў у Ватыкане дэлегацыю італьянскай дыяцэзіі Аосты і кангрэгацыі Рэгулярных канонікаў святога Бернарда Вялікага – манаскай супольнасці, звязанай з гісторыяй гэтага горнага рэгіёна на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй. Аўдыенцыя адбылася ў кантэксце святкавання 100-годдзя абвяшчэння святога Бернарда з Ментоны апекуном альпіністаў, падарожнікаў і жыхароў Альпаў, а таксама 900-годдзя з дня яго кананізацыі і 1000-годдзя з дня яго нараджэння.

Пантыфік заўважыў, што Божы Провід паклікаў святога Бернарда да дзейнасці ў трох сферах, якія застаюцца актуальнымі ў нашы дні: абвяшчэння Евангелля, гасціннасці і спрыяння міру.

Па-першае Францішак нагадаў, што святы Бернард быў добрым прапаведнікам, здольным кранаць нават самыя зацвярдзелыя сэрцы, адкрываючы іх на дар веры і навяртання.

Па-другое, святы Бернард клапаціўся пра пілігрымаў і вандроўнікаў, якія ішлі праз Альпы ў Рым. Для іх святы заснаваў два прытулкі, у якіх працягвае несці служэнне супольнасць канонікаў, верная свайму дэвізу: Hic Christus adoratur et pasciturТут Хрыстус атрымлівае пакланенне і пасілак.

Пантыфік заўважыў, што ў гэтых словах заключана “праграма інтэгральнага клопату”, які ахоплівае матэрыяльнае і духоўнае вымярэнне. У цэнтры гэтай дзейнасці стаіць Эўхарыстыя і малітва, плён якой – гасціннасць да ўсіх, хто стукае ў дзверы. “Гэта сапраўдны прыклад для нашых дзён, прымаць і клапаціцца пра ўсіх, хто просіць дапамогі, клапаціцца пра цела і душу, без адметнасцей і закрытасці”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра святога Бернарда з Ментоны, як пра чалавека, які спрыяў міру, Францішак нагадаў пра тое, як ён, ужо будучы цяжка хворым, адправіўся да імператара Генрыха ІV, каб адгаварыць яго ад вайны з Папам Грыгорыем VII.

“Гэта падарожжа каштавала яму жыцця. Ён памёр хутка пасля вяртання. Як мы ведаем, яго спроба не мела поспеху. Гэта, аднак, робіць яго яшчэ больш шляхетным у нашых вачах, паколькі паказвае нам яго ўцягнутым у далікатную і няпэўную справу, якая не мела ніякіх гарантый поспеху. Спрыяць міру, не падаючы духам нават перад абліччам няўдачы: як моцна мы патрабуем такой мужнасці зараз!”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

11 лістапада 2024, 11:15