Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: ад зменаў клімату пакутуюць самыя бедныя народы

Кліматычныя змены немагчыма схаваць ці замоўчваць, таксама як і “выказаць у некалькіх словах”, бо яны з’яўляюцца прычынай “экстрэмальных з’яў”, ад якіх найбольш пакутуюць самыя бедныя народы, нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец скіраваў кароткае пасланне да ўдзельнікаў семінара Перад абліччам праблем экалагічнага крызісу ў святле Laudato si’ і Laudate Deum. Досвед Лацінскай Амерыкі. Форум прайшоў 28 лістапада 2024 года ў Палацы святога Калікста ў Рыме па ініцыятыве пасольстваў Балівіі, Кубы і Венесуэлы пры Апостальскай Сталіцы. Перад абліччам пагаршэння экалагічнага крызісу Францішак заахвоціў да “ўмацавання адносін” паміж народамі і “сувязяў з усім Стварэннем”.

Не дэспатычнае, а адказнае панаванне над прыродай

З прывітальным словам на семінары выступіў кардынал Роберт Прэвост, прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшыня Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы. Ён нагадаў пра неадкладную патрэбу перахода “ад разважанняў да дзеянняў”, заснаваных на вучэнні Касцёла.

Іерарх падкрэсліў, што панаванне чалавека над прыродай павінна быць не дэспатычным, а адказным і пабудаваным на адносінах “узаемнасці” з навакольным асяроддзем. Кардынал нагадаў пра прыхільнасць Святога Пасаду прынцыпам устойлівага развіцця. У якасці прыкладу ён прывёў шматлікія “экалагічныя” ініцыятывы Ватыкана, такія як усё большае выкарыстанне сонечнай энергіі і пераход на электрамабілі.

Патрэбны ўклад усіх

У форуме прыняў удзел таксама кардынал Пітэр Тарксан, канцлер Папскай акадэміі сацыяльных навук. Ён заўважыў, што змена клімату – гэта выклік, наступствы якога кладуцца на плечы самых уразлівых людзей. Адносіны да прыроды, адбіваюцца на жыцці людзей, а гэта “трагічны і абуральны прыклад структурнага граху”, - сказаў іерарх.

Кардынал Тарксан папярэдзіў аб небяспецы адмаўлення існавання кліматычных змен. Яго спрыяе таму, што міжнародная супольнасць не робіць нічога, стаіць на месцы, у той час, як зрабіць трэба вельмі шмат. Іерарх падкрэсліў, што Папская акадэмія сацыяльных навук робіць свой унёсак у пераадоленне наступстваў змены клімату аб’ядноўваючы экспертаў, якія разумеюць небяспеку сітуацыі ў гэтай сферы. Ён заўважыў таксама, што для перамен не дастаткова паасобных дзеянняў, але патрэбны ўклад усіх і змена ладу мыслення грамадства.

Місія журналістаў

У сваю чаргу Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі звярнуў увагу на важнасць належнага інфармавання пра экалагічныя праблемы, бо лавіна навін, якія “не заўсёды праўдзівыя, а часта нават ілжывыя і расказаныя заблытана”, набліжае чалавецтва “да пункту незвароту”. Ён адзначыў патрэбу ў адказнасці журналістаў, пакліканых да намаганняў, якія будуць садзейнічаць “сапраўднай мудрасці”, дыялогу і рэфлексіі, а не проста “назапашванню даных”, якое часта спараджае ўсяго толькі воблака “ментальнага забруджвання”.

Руфіні расказаў пра ініцыятыву ватыканскіх СМІ пад назвай Laudato si' Media Project, у рамках якой на трыццаці мовах свету расказваюцца гісторыі пра дзейнасць на карысць аховы навакольнага асяроддзя ў розных частках свету.
 

29 лістапада 2024, 09:19