Пошук

Біскупы Францыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Біскупы Францыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец біскупам Францыі: свету патрэбна любоў Хрыста

Папа заклікаў французскі епіскапат умацаваць супрацоўніцтва з Касцёлам у Афрыцы, быць уважлівым да знакаў Святога Духа ў справе евангелізацыі, а таксама дапамагчы свету адчуць любоў Сэрца Езуса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

5 лістапада 2024 года кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, скіраваў ад імя Пантыфіка пасланне да ўдзельнікаў пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Францыі, якое распачалося ў марыйным санктуарыі ў Лурдзе.

Будаваць справядлівы і братэрскі свет праз сведчанне і супрацоўніцтва

У звароце адзначаецца, што Святы Айцец з вялікай радасцю прыняў паведамленне пра тое, што французскі епіскапат вырашыў прысвяціць сваю сустрэчу тэме адносін з Касцёлам у Афрыцы.

“Гэта мудры выбар, бо вы патрабуеце адзін аднаго! У той час як прагнасць, эгаізм, раўнадушша і дух эксплуатацыі, які, на жаль, навязваецца палітычнымі і эканамічнымі практыкамі, вельмі часта скажаюць адносіны паміж краінамі і народамі, хрысціянскія супольнасці, наадварот, пакліканы ўмацоўваць свае повязі, бо вы адзін дух у Хрысце”, - запэўніў Папа, выказваючы пажаданне, каб супрацоўніцтва паміж Касцёлам у Францыі і Афрыцы не толькі садзейнічала місіянерскаму абнаўленню іх супольнасцей, але і дапамагала праз сведчанне будаваць справядлівы і братэрскі свет.

З надзеяй абвяшчаць Добрую навіну пра збаўленне

Святы Айцец таксама рады з той прычыны, што большасць тэм, якія будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні французскага епіскапату, звязаны з евангелізацыяй. У сувязі з гэтым ён заахвоціў іерархаў “без страху” прымаць “знакі, якія падае Святы Дух, каб адказаць на выклікі і прадугледзіць ператварэнні і рэформы, да якіх Ён заклікае”.

Пантыфік жадаў, што Касцёл у Францыі жыў з моцнай надзеяй, сімвалам якой стане адкрыццё адноўленай пасля пажару парыжскай катэдры Нотр-Дам. “Няхай Касцёл у Францыі, у вобразе гэтага цудоўнага і адрэстаўраванага будынку, моцны ў сваёй веры, з гонарам за сваю гісторыю і неад’емны ўклад у будаўніцтва вашай краіны, а перш за ўсё, напоўнены любоўю да бліжняга і да Сэрца Езуса, заўсёды радасна абвяшчае Добрую навіну пра збаўленне... і няхай яна будзе пачута”, - гаворыцца ў пасланні.

Адкрыць любоў Сэрца Езуса

Святы Айцец нагадаў таксама пра важнасць “адкрыцця любові Сэрца Хрыстовага, якая ў канчатковым выніку з’яўляецца адзіным ключом да будучыні”. Спасылаючыся на нядаўнюю энцыкліку Dilexit nos ён адзначыў важную ролю, якую сыгралі французскія святыя для развіцця і разумення ўшанавання Сэрца Езуса. “Мы павінны асэнсаваць, наколькі Езус любіць кожнага з нас, наколькі Ён любіць Касцёл у Францыі, яго пастыраў, якімі вы з’яўляецеся, яго вернікаў, і наколькі Ён любіць увесь свет”, - перакананы Францішак.
 

05 лістапада 2024, 13:03