Папа да валанцёраў і бяздомных: братэрства ў простых жэстах
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім прывітальным слове Пантыфік падкрэсліў, што нягледзячы на розныя краіны паходжання, рэлігійныя перакананні і жыццёвы досвед, прадстаўнікоў групы аб'ядноўвае адно: усе яны – "браты і сёстры, дзеці адзінага Айца. Гэта аб'ядноўвае нас усіх". "Няпраўда, што адны даюць, а іншыя толькі атрымліваюць: мы ўсе і донары, і атрымальнікі. Мы ўсе маем патрэбу адзін у адным і закліканы ўзбагачаць адзін аднаго", - адзначыў Папа. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)
Францішак нагадаў, што дапамога можа выяўляцца не толькі ў матэрыяльных дарах, але і ў "простай усмешцы, сяброўскім жэсце, братэрскім поглядзе, шчырым слуханні, бескарыслівым служэнні". (Юбілейная була Spes non confundit, 18).
Святы Айцец заклікаў прысутных выконваць “тое, што загадаў нам рабіць Пан”: любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас. Папа падкрэсліў, што Божая любоў бязмежная і дасягае нас праз добрых людзей вакол нас. "Кожны з нас унікальны ў Яго вачах, і Ён ніколі не забывае пра нас. Давайце заўсёды імкнуцца, як браты і сёстры, ператварыць наша жыццё ў дар для іншых", - заклікаў Францішак, благаслаўляючы ўдзельнікаў сустрэчы.