Пошук

Пантыфік да рыбакоў і медыкаў: будзьце чулымі да адрынутых

23 лістапада Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі рыбнай гаспадаркі Італіі, а таксама з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі “Універсальнасць і ўстойлівасць еўрапейскіх службаў аховы здароўя”, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі ў Папскім Латэранскім універсітэце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Святы Айцец закрануў тэмы і праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі абедзвюх прафесій. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)

Звяртаючыся да рыбакоў, Папа нагадаў пра нядаўні Сусветны дзень рыбнай гаспадаркі і нагадаў пра старажытныя вытокі гэтай прафесіі і яе сувязь з Касцёлам. Хрыстус даручыў апосталу Пятру, рыбаку з Галілеі, заснаваць касцёльную супольнасць, - нагадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што праца рыбака сёння патрабуе стойкасці перад тварам шматлікіх цяжкасцяў, такіх як рост выдаткаў, бюракратычныя перашкоды і нядобрасумленная канкурэнцыя з боку буйных транснацыянальных карпарацый.

Пантыфік падкрэсліў важнае значэнне калектыўнай працы экіпажа на рыбацкім судне як прыклад гармоніі і ўзаемадапамогі. “Поспех працы кожнага залежыць ад укладу кожнага”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што "у мора нельга ісці ў адзіночку".

Святы Айцец параўнаў прафесію рыбакоў з працай медыкаў, падкрэсліваючы важнасць каманднай працы ў абедзвюх сферах. Ён заклікаў медыкаў клапаціцца пра сябе і адзін пра аднаго, каб не губляць сілы і матывацыю для служэння іншым.

Францішак заахвоціў медыкаў не пакідаць па-за ўвагай тых, хто апынуўся на ўзбочыне грамадства, “каб ніхто не быў пакінуты ў адзіноце". Ён адзначыў, што ўсе маюць права на клопат, бо ніхто не можа быць “настолькі самадастатковым, каб не мець патрэбы ў дапамозе”. Папа нагадаў пра святых, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню хворым: святога Яна Божага, святога Джузэпэ Маскаці і святую Тэрэзу з Калькуты.

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на ролю сям’і ў жыцці рыбакоў і медыкаў. Ён назваў сямейныя адносіны лекамі ад індывідуалізму і ізаляцыі, якія часта суправаджаюць гэтыя прафесіі. "Клапаціцеся пра свае сямейныя адносіны, калі ласка, яны з'яўляюцца лекамі як для здаровых, так і для хворых. Ізаляцыя і індывідуалізм, па сутнасці, адкрываюць дзверы для страты надзеі, і гэта прымушае душу, а часта і цела, хварэць ", - звярнуўся Папа да прысутных.

23 лістапада 2024, 13:19