Папа французкім палітыкам: развіваць паліятыўную дапамогу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
30 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю абраных прадстаўнікоў улады з поўдня Францыі. “Гэта пілігрымка ў Рым з’яўляецца мужным крокам, які сведчыць пра ваша жаданне захоўваць лучнасць паміж вашым жыццём вернікаў і людзей, надзеленых высокай адказнасцю. Дзякую вам!”, - сказаў Папа.
Пантыфік пажадаў, каб міжземнаморская частка Францыі, якая знаходзіцца на скрыжаванні розных уплываў і традыцый, заставалася месцам, дзе “дзяржавы і розныя іншыя рэальнасці сустракаюцца на аснове ўсеагульнай чалавечнасці, а не ідэалогій, якія раздзяляюць людзей і краіны”.
Папа заахвоціў палітыкаў усведамляць тэрміновую патрэбу ў прапанаванні новым пакаленням такога выхавання, якое будзе скіроўваць іх да патрэб іншых людзей і развіваць пачуццё адказнасці, тым больш што сучасная моладзь адкрытая да высокіх ідэалаў.
“Памыляюцца тыя, хто думае, што маладыя людзі імкнуцца толькі да таго, каб сядзець на канапе ці ў сацыяльных сетках! Уцягванне маладых людзей у рэальны свет, наведванне пажылых людзей або інвалідаў, бедных або імігрантаў – гэта адкрывае іх на радасць гасціннасці і дару, нясе суцяшэнне людзям, якіх не відаць з-за сцяны абыякавасці”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік таксама выказаў спадзяванне на тое, што дзякуючы ўкладу католікаў, якія ўдзельнічаюць у палітычным жыцці Францыі, “дыскусія на вельмі важную тэму заканчэння чалавечага жыцця зможа адбывацца ў праўдзе”.
“Гаворка ідзе пра суправаджэнне жыцця да яго натуральнага завяршэння праз больш шырокае развіццё паліятыўнай дапамогі. Як вы ведаеце, людзі напрыканцы жыцця маюць патрэбу ў падтрымцы тых, хто верны свайму пакліканню – аказваць дапамогу і палёгку, нават не заўсёды маючы магчымасць вылечыць. Словы не заўсёды бываюць патрэбныя, але ўзяць за руку хворага – гэта вельмі важна, і не толькі для хворага, але і для нас”, - дадаў Святы Айцец.
“Напрыканцы я паўтару, што мне вельмі радасна бачыць, як вы, людзі, надзеленыя адказнасцю ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, цікавіцеся пасланнем Касцёла і знаходзіце час, каб лепш яго зразумець падчас запланаваных сустрэч у рамках вашай пілігрымкі. Хоць палітыка і рэлігія адрозніваюцца, у іх ёсць агульныя і супольныя інтарэсы, і мы ўсе, кожны па-свойму, усведамляем ролю, якую павінны выконваць дзеля агульнага дабра. Касцёл жадае абудзіць духоўныя сілы, якія робяць плённым усё сацыяльнае жыццё, і вы можаце разлічваць на яго дапамогу”, - запэўніў напрыканцы прамовы Папа.