Пошук

Францішак заклікае моладзь быць сведкамі праўды праз любоў

24 лістапада 2024 года ў базіліцы святога Пятра Францішак узначаліў Эўхарыстыю ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, заклікаўшы моладзь быць нязломнымі сведкамі праўды і любові ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на парадаксальнасць сітуацыі, калі мы ўшаноўваем Хрыста як Валадара Сусвету, але адначасова сутыкаемся з войнамі, насіллем і экалагічнымі катастрофамі. Гэта стварае цяжкасці для аптымістычнага погляду ў будучыню. У гэтым кантэксце Святы Айцец засяродзіўся на трох ключавых аспектах – асуджэнне, прызнанне, праўда.

“Не бойцеся “асуджэння” з боку свету. Няспынна любіце!”

Спасылаючыся на евангельскі фрагмент, дзе Езус стаіць перад Пілатам, Францішак падкрэсліў непахіснае стаўленне Збаўцы, які не паддаецца запалохванню. Ён адзначыў, што маладыя людзі таксама могуць часам адчуваць сябе "абвінавачанымі" з прычыны сваёй веры. Святы Айцец запэўніў, што крытыка і фальшывае асуджэнне з часам знікнуць, а застануцца толькі ўчынкі любові.

Папа таксама перасцярог маладых людзей ад пагоні за прызнаннем і пахвалой. Ён падкрэсліў, што такі падыход можа прывесці да жыцця ў неспакоі, кампрамісаў і здрады ўласным ідэалам дзеля атрымання хоць крыху адабрэння.

“Не прызнанне ці падтрымка ратуюць свет і робяць чалавека шчаслівым, а бескарыслівасць любові”

Францішак нагадаў, што Хрыстус прыйшоў у свет, "каб даць сведчанне праўдзе" (Ян 18, 37), і зрабіў гэта, навучаючы нас любіць Бога і братоў. Ён заахвоціў моладзь, наследуючы прыклад святога П'ер Джорджа Фрасаці, не проста існаваць, але імкнуцца сведчыць праўду ў любові, любячы адзін аднаго так, як Езус палюбіў нас.

Святы Айцец падкрэсліў, што гісторыю ствараюць не жорсткія людзі і дэспаты. Ён запэўніў, што хоць Хрыстус дае нам свабодны выбар, Ён нас не пакідае.

На заканчэнне гаміліі Папа адзначыў сімвалічнае значэнне перадачы партугальскай моладдзю карэйскім равеснікам сімвалаў Сусветных Дзён Моладзі. Гэты жэст з'яўляецца запрашэннем жыць і несці Евангелле ва ўсе куткі зямлі. "Трымайце позірк скіраваным на Езуса, Яго Крыж і Марыю, нашу Маці: так, нават у цяжкасцях, мы знойдзем сілы, каб ісці наперад", - заклікаў ён.

Францішак заахвоціў маладых людзей не баяцца асуджэння за веру, не шукаць прызнання, але быць задаволенымі тым, што яны з'яўляюцца для ўсіх, у любові, сведкамі праўды.
 

24 лістапада 2024, 12:01