Пошук

Украінскія сцягі на плошчы святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Украінскія сцягі на плошчы святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа нагадаў пра 1000 дзён расійскай агрэсіі супраць Украіны

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 лістапада 2024 года, Папа нагадаў пра тысячу дзён поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны і зачытаў кранальны ліст украінскага студэнта.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец назваў расійскую агрэсію супраць Украіны трагічнай падзеяй, якая прынесла шмат ахвяр і разбурэнняў, і адначасова ганебнай катастрофай для ўсяго чалавецтва. Ён заклікаў не спыняць падтрымку пакутлівага ўкраінскага народа і працягваць маліцца за мір.

Францішак падзяліўся зместам ліста, які атрымаў ад украінскага студэнта. Малады чалавек прасіў Пантыфіка, каб той, згадваючы пра тысячны дзень вайны, гаварыў не толькі пра пакуты, але і быў сведкам веры ўкраінскага народа. "Нават калі яна недасканалая, яе каштоўнасць не змяншаецца, яна малюе вобраз Уваскрослага Хрыста балючымі мазкамі пэндзля", - напісаў студэнт.

У сваім лісце малады ўкраінец падзяліўся асабістым досведам жыцця ў горадзе пад абстрэламі, дзе ракеты забіваюць і раняць дзясяткі мірных жыхароў. Нягледзячы на жаданне ўцячы і схавацца, ён дзякуе Богу за тое, што праз боль вучыцца больш любіць.

"Калі вы будзеце казаць пра нашы пакуты, калі ўспомніце тысячу дзён пакут, памятайце таксама пра тысячу дзён любові, бо толькі любоў, вера і надзея надаюць сапраўдны сэнс ранам", - завяршыў свой ліст украінскі студэнт.
 

20 лістапада 2024, 10:44