Папа: брацтвы і народная пабожнасць – важныя сродкі евангелізацыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
29 лістапада 2024 года ў Ватыкане быў абнародаваны ліст, у якім Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Эдгара Пэнья Пару, Субстытута па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту, сваім спецыяльным пасланнікам на ІІ Міжнародны кангрэс Брацтваў і народнай пабожнасці, які адбудзецца з 4 па 8 снежня 2024 года ў іспанскім горадзе Севілья.
Францішак адзначыў, што Касцёл, “які імкнецца асвяціць усіх людзей святлом Хрыста, паколькі з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва” (Lumen gentium, 1), павінен працягваць евангелізаваць праз брацтвы, якія нясуць святло, адкупленне і ласку Збаўцы”.
“Мы ўпэўненыя, што народная пабожнасць з’яўляецца дзейсным сродкам евангелізацыі, які выражае “прагу Бога, якую могуць мець толькі простыя і ўбогія духам”; робіць чалавека здольным быць велікадушным і самаахвярным аж да гераізму, асабліва калі размова ідзе пра вызнанне веры” (Evangelii nuntiandi, 48), - дадаў Пантыфік.
ІІ Міжнародны кангрэс Брацтваў і народнай пабожнасці, які пройдзе пад дэвізам Пілігрымуючы з надзеяй, прымеркаваны да 25-годдзя першага такога форуму, што адбыўся ў 1999 годзе. Падчас сустрэчы запланаваны дыскусійныя пляцоўкі і культурныя мерапрыемствы. Удзельнікі будуць разважаць над роляй брацтваў у перадачы веры і ў адказе на духоўныя і грамадскія выклікі сучаснасці.