Папа: паставіць Хрыста ў цэнтр і развіваць тэалогію сінадальнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
28 лістапада 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай сесіі Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Ён нагадаў сваім гасцям пра дзве важныя касцельныя падзеі, якія павінны натхняць рэфлексію тэолагаў: Юбілейны год і Сінод Біскупаў, які нядаўна прайшоў у Ватыкане. На думку Святога Айца, яны заахвочваюць “паставіць у цэнтр Хрыста“ і “развіваць тэалогію сінадальнасці”.
Гаворачы пра патрэбу паставіць Хрыста ў цэнтр усяго, Францішак спаслаўся таксама на 1700-годдзе Нікейскага Сабора, які стаў важным этапам на шляху Касцёла і нават усяго чалавецтва, бо на ім “вера ў Езуса Хрыста, Божага Сына, уцелаўлёнага дзеля нас і нашага збаўлення, была сфармулявана і вызнана як святло, якое асвятляе сэнс рэальнасці і лёс усёй гісторыі”. Ён прызнаўся, што ў 2025 годзе мае намер наведаць месцы ў Турцыі, звязаныя з правядзеннем гэтага Сабора.
“Нікейскі сабор, сцвярджаючы, што Сын мае тую ж субстанцыю, што і Айцец, падкрэслівае нешта істотнае: у Езусе мы можам спазнаць аблічча Бога і, у той жа час, аблічча чалавека, адкрываючы сябе сынамі ў Сыне і братамі паміж сабой. Братэрства, укаранёнае ў Хрысце, становіцца для нас фундаментальнай этычнай задачай. Таму вельмі важна, што вы прысвяцілі значную частку гэтай пленарнай асамблеі працы над дакументам, які закліканы праілюстраваць сучаснае значэнне веры, вызнанай у Нікеі. Такі дакумент мог бы быць каштоўным на працягу Юбілейнага года, каб сілкаваць і паглыбляць веру вернікаў і, ставячы ў цэнтр постаць Езуса, таксама прапаноўваць падказкі і разважанні, карысныя для новай культурнай і сацыяльнай парадыгмы, натхнёнай менавіта чалавецтвам Хрыста”, - сказаў Папа.
Пантыфік адзначыў, што “сёння, у складаным і часта палярызаваным свеце, трагічна пазначаным канфліктамі і насіллем, Божая любоў, якая адкрываецца ў Хрысце і дорыцца ў Святым Духу, становіцца заклікам, скіраваным да ўсіх, каб навучыліся пілігрымаваць у братэрстве і быць будаўнікамі справядлівасці і міру”. “Толькі такім чынам мы можам сеяць зерні надзеі там, дзе жывём”, - сказаў Папа.
“Паставіць Хрыста ў цэнтр значыць нанава запаліць гэту надзею і тэалогія паклікана зрабіць гэта праз пастаянную і мудрую працу, у дыялогу з усімі іншымі навукамі”, - дадаў Святы Айцец.
Гаворачы пра важнасць развіцця тэалогіі сінадальнасці, Пантыфік нагадаў, што ў Выніковым дакуменце апошняга Сінода Біскупаў ён прысвяціў асобны раздзел заданню тэалогіі ў кантэксце “харызмаў, пакліканняў і служэнняў на карысць місіянерства”, а таксама сфармуляваў заклік “працягваць даследаванні з мэтай праяснення і паглыблення разумення сэнсу сінадальнасці”. Папа падкрэсліў, што ў наш час немагчыма ўяўляць сабе душпастырства без сінадальнага вымярэння.
Францішак папрасіў тэолагаў лепш даследаваць тэму місіянерскай мэты сінадальнасці і ўдзелу ў місіянерстве ўсяго Божага народу ў яго разнастайнасці культур і традыцыі. “Я б сказаў, што настаў час зрабіць мужны крок: развіць тэалогію сінадальнасці, тэалагічную рэфлексію, якая будзе падтрымліваць, заахвочваць і суправаджаць сінадальны працэс дзеля новага місіянерскага этапу, больш крэатыўнага і адважнага, натхнёнага kerygma і які ўключае ўсе кампаненты Касцёла”, - сцвердзіў Папа.