Пошук

Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: патрэбна рэформа пенсійнага фонду Святога Пасада

Папа прызначыў амерыканскага кардынала Кевіна Джозэфа Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Адзіным адміністратарам Пенсійнага фонду Святога Пасаду, якому пагражаюць сур’ёзныя фінансавыя праблемы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Цяперашняя сістэма не ў стане гарантаваць выкананне пенсійных абавязацельстваў перад будучымі пакаленнямі ў сярэднетэрміновай перспектыве”, - заўважыў Пантыфік у лісце, які 21 лістапада 2024 года накіраваў прэфектам і кіраўнікам структур Рымскай курыі і ўстаноў Апостальскай Сталіцы.

Святы Айцец адзначыў, што, згодна з высновамі, зробленымі на падставе аналізу незалежных экспертаў, калі не будуць неадкладна прыняты належныя меры, дэфіцыт фонду будзе пагаршацца, што зробіць немагчымым выкананне пенсійных абавязкаў у будучыні.

“Цяпер мы ўсе цалкам усведамляем, што нам неабходна прыняць тэрміновыя структурныя меры, якія ўжо нельга адкладаць, каб дасягнуць устойлівасці Пенсійнага фонду ў агульным кантэксце абмежаваных рэсурсаў усёй арганізацыі і належнага пенсійнага забеспячэння для цяперашніх і будучых супрацоўнікаў у перспектыве справядлівасці і роўнасці паміж пакаленнямі. Гэта вымагае прыняцця складаных рашэнняў, якія запатрабуюць ад усіх асаблівай адчувальнасці, шчодрасці і гатоўнасці да самаахвярнасці,” - напісаў Святы Айцец.

Папа паведаміў, што прыняў рашэнне прызначыць Адзіным адміністратарам Пенсійнага фонду кардынала Кевіна Джозэфа Фарэла, мяркуючы, што гэты выбар на дадзены момант з’яўляецца важным крокам да вырашэння праблем, з якімі ватыканская пенсійная сістэма сутыкнецца ў будучыні.

“Хоць я высока цаню разважлівы ўклад усіх, хто займаўся гэтым далікатным пытаннем на працягу многіх гадоў, зараз я лічу, што нам трэба прайсці гэты новы этап, які з’яўляецца фундаментальным для стабільнасці і дабрабыту нашай супольнасці, з гатоўнасцю да адзінства поглядаў, каб неабходныя крокі былі прадпрыняты ў тэрміновым парадку,” - напісаў Пантыфік, заклікаючы адрасатаў паслання да “супрацоўніцтва ў спрыянні гэтаму новаму і пазбежнаму шляху перамен”.
 

21 лістапада 2024, 13:01