Пошук

Пантыфік піярам: цэласнае развіццё моладзі і паслухмянасць Провіду

Францішак заклікаў духоўных паслядоўнікаў святога Юзафа Каласанса да мужнай паслухмянасці Божаму Провіду і клопату пра цэласнае развіццё дзяцей і моладзі, давераных ім.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 лістапада 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Каласанскай сям’і – аб’яднання мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцей, якія працягваюць місію святога Юзафа (Джузэпэ) Каласанса – італьянскага святара, заснавальніка ордэна піяраў, які дзейнічае ў сферы адукацыі і выхавання, абвешчанага Піем ХІІ “нябесным апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце”.

Пантыфік прапанаваў сваім гасцям паразважаць над двума аспектамі, важнымі для іх сучаснасці і будучыні: мужнай паслухмянасцю Божаму Провіду і клопатам пра цэласнае развіццё асобы.

Гаворачы пра першы аспект Францішак нагадаў, што піярскія школы ўзніклі не дзякуючы добра распрацаванаму праекту, а “мужнасці выбітнага святара”, які не застаўся абыякаваным да патрэб бліжніх. У сувязі з гэтым Папа заклікаў законнікаў і законніц захоўваць такую ж адкрытасць і хуткасць у прыняцці рашэнняў, без непатрэбных разлікаў, пераадольваючы страхі і ваганні, асабліва перад абліччам шматлікіх патрэб нашага часу.

“Не бойцеся, адказваючы на патрэбы бедных, ступаць на шляхі, якія адрозніваюцца ад тых, што былі пракладзены ў мінулым, нават коштам перагляду схем і змены чаканняў. Менавіта ў гэтай упэўненай гатоўнасці адмовіцца ад прывычнага заключаюцца вашы карані, і, застаючыся вернымі ім, вы захаваеце сваю харызму жывой”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Заклікаючы клапаціцца пра цэласнае развіццё асобы, Папа нагадаў, што важным новаўвядзеннем піярскіх школ было навучанне беднай моладзі, разам з праўдамі веры, таксама і звычайным школьным прадметам, злучаючы такім чынам духоўную і інтэлектуальную фармацыю. У сувязі з гэтым Пантыфік заахвоціў развіваць у моладзі адзінства паміж розумам, сэрцам і рукамі, а таксама навучаць сапраўдным міжчалавевечым адносінам.

“Сёння вельмі важна дапамагчы маладым людзям ажыццявіць такі сінтэз, “стварыць адзінства” у сабе і з іншымі, у свеце, які ўсё больш і больш штурхае іх у бок фрагментацыі пачуццяў і ведаў і індывідуалізму ў адносінах. Цэласны адукацыйны стыль – гэта вельмі важны “харызматычны талант”, які Бог даверыў вам, каб вы маглі рэалізаваць яго найлепшым чынам дзеля дабра ўсіх”, - сказаў Папа.
 

28 лістапада 2024, 10:30