Кніга Папы Францішка "Надзея не расчаруе ніколі. Пілігрымы да лепшага свету” Кніга Папы Францішка "Надзея не расчаруе ніколі. Пілігрымы да лепшага свету” 

Папа: штодзённымі ўчынкамі закладаць аснову лепшай будучыні

“Надзея не расчаруе ніколі. Пілігрымы да лепшага свету” – кніга Папы пад такім загалоўкам з’явіцца 19 лістапада 2024 года на паліцах кнігарняў Італіі, Іспаніі і краін Лацінскай Амерыкі. Некаторыя ўрыўкі з яе апублікавала выданне La Stampa.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У новай кнізе Святы Айцец закрануў вялікую колькасць актуальных сацыяльных праблем. Напрыклад, ён падкрэслівае, што “абсалютна неабходна вырашаць прычыны міграцыі, у краінах паходжання” людзей, якія пакідаюць свае родныя мясціны. Праграмы, што рэалізуюцца з гэтай мэтай, павінны забяспечваць сапраўднае развіццё ў краінах, якія пакутуюць ад нестабільнасці і самых сур’ёзных форм несправядлівасці, спрыяючы дабрабыту ўсіх людзей, асабліва дзяцей, якія з’яўляюцца надзеяй чалавецтва, - заўважыў ён.

Папа заклікаў да салідарнасці з дзяржавамі, якія вымушаны прымаць найбольшую колькасць мігрантаў. “На глабалізацыю абыякавасці мы павінны адказаць глабалізацыяй любові і супрацоўніцтва”, - падкрэсліў ён.

Францішак адзначыў прыклад гасціннасці Польшчы да ўкраінскіх ваенных бежанцаў, а таксама Іарданіі і Лівана да мільёнаў людзей, якія ратуюцца ад канфліктаў на Блізкім Усходзе. Папа выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Газе, дзе праблемы з дастаўкай прадуктаў харчавання выклікаюць голад. “На думку некаторых экспертаў, тое, што адбываецца ў Газе, мае прыкметы генацыду. Патрэбна ўважлівае расследаванне, каб вызначыць, ці адпавядае гэта тэрміну, сфармуляванаму юрыстамі і міжнароднымі арганізацыямі”, - заўважыў Святы Айцец.

На думку Пантыфік, неабходна ўключыць краіны паходжання асноўных міграцыйных патокаў у новы цыкл эканамічнага росту і міру, спрыяць таму, каб міграцыя была добраахвотнай, а не вымушанай. Ён падкрэсліў, што асабліва цяжкія наступствы для грамадстваў мае міграцыя моладзі, якая прыводзіць да страты найбольш перспектыўных членаў і раздзялення сем’яў.

У якасці аднаго з шляхоў дапамогі краінам паходжання мігрантаў Францішак прапанаваў пакончыць з няроўнымі ўмовамі ў сферы глабальнага гандлю і эксплуатацыяй бедных краін транснацыянальнымі кампаніямі, асабліва ў сферы прыродных рэсурсаў. “Пасля палітычнага каланіялізму надышоў “эканамічны каланіялізм”, настолькі ж прыгнятальны”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць інтэграцыі мігрантаў у новыя грамадствы, а таксама адзначыў, што іх прыняцце можа дапамагчы вырашыць дэмаграфічны крызіс у многіх краінах, асабліва ў Еўропе. “Гэта вельмі сур’ёзная праблема, і людзі, якія прыязджаюць з іншых краін, могуць дапамагчы яе вырашыць, калі будуць цалкам інтэграваныя і перастануць лічыцца грамадзянамі “другога гатунку”, - лічыць Папа.

У сваёй кнізе Францішак закрануў таксама экалагічныя праблемы, падкрэсліваючы, што “часу застаецца ўсё менш, каб выратаваць планету”, а дзейнічаць трэба “не толькі дзеля сябе, але і дзеля тых, хто прыйдзе пасля нас”. У гэтай сферы Пантыфік заклікаў умацаваць узаемадзенне паміж пакаленнямі. На думку Папы, важна перадаваць моладзі мясцовыя традыцыі харчавання, бо новыя пакаленні натхняе жаданне вярнуцца да зямлі, апрацоўваць яе, не эксплуатуючы, а ўжываючы экалагічныя метады.

Папа адзначыў, што супрацоўніцтва паміж пакаленнямі дазваляе знізіць рызыку паўтарэння трагічных ваенных і гуманітарных катастроф мінулага стагоддзя. “Хто не ведае гісторыі, асуджаны на яе паўтарэнне. Ніхто лепш за нашых старэйшых не можа даць нам жывое сведчанне некаторых падзей, якія мы ніколі не жадаем убачыць зноў на нашай планеце”, - напісаў Святы Айцец. “Не можа быць выпадковасцю тое, што новыя ветры вайны ўзнікаюць у Старым свеце менавіта цяпер, калі сведкаў варварства таталітарызму становіцца ўсё менш”, - дадаў Францішак, заклікаючы не ігнараваць сведчанні людзей, якія спазналі жахі тых падзеі і нават дагэтуль носяць на ўласнай скуры іх сляды.

Пантыфік перакананы, што актуальны стан планеты – гэта заклік да чалавецтва змяніць лад жыцця, паўсядзённых выбараў у галіне ежы, спажывання, транспарту, выкарыстання вады, энергіі і іншых матэрыяльных рэсурсаў, а таксама новых тэхналогій, каб яны не пагражалі братэрству і надзеі. “Мы пакліканы выйсці з зоны камфорту і прапанаваць новыя рашэнні і альтэрнатывы, каб планета засталася прыдатнай для жыцця, а наша існаванне на Зямлі было бяспечным. Новыя праблемы патрабуюць новых рашэнняў. Нам трэба разважаць над этычнымі дылемамі, звязанымі з выкарыстаннем тэхналогій, каб не дапусціць далейшага панавання тэхнакратычнай парадыгмы”, - напісаў Папа. “Калі мы не паспелі адэкватна зрэагаваць на экалагічны крызіс, то яшчэ можам зрабіць гэтай перад адной з найглыбейшых трансфармацый сучаснасці – пранікненнем штучнага інтэлекту ў кожную сферу нашага жыцця”, - папярэдзіў ён.

Святы Айцец заахвоціў не губляць надзею на лепшы свет і сваімі штодзённымі ўчынкамі, прасякнутымі любоўю і адказнасцю, закладаць аснову для будучыні, у якой кожны зможа жыць годным і шчаслівым жыццём.

“Калі чалавецтва зможа знайсці гармонію паміж прагрэсам і экалагічнай адказнасцю, калі грамадствы навучацца вырашаць канфлікты праз дыялог і супрацоўніцтва, тады надзея ператворыцца ў рэальнасць. Аднак, каб гэта стала магчымым, неабходна працягваць развіваць наш дух узаемнай падтрымкі і спагады, памятаючы, што кожны з нас адказны не толькі за свой уласны лёс, але і за будучыню ўсяго свету.

На заканчэнне, я заклікаю ўсіх нас дзейнічаць з энтузіязмам, натхнёным гэтай надзеяй. Мы можам пабудаваць лепшы свет, дзе пераважаюць справядлівасць, любоў і згода. І няхай гэтая надзея вядзе нас на шляху да лепшай будучыні для ўсіх”, - пажадаў Папа.
 

18 лістапада 2024, 09:30