Пошук

Папа Францішак і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: слухаць без асуджэння – шлях да адзінства хрысціян

“Католікі і праваслаўныя ніколі не павінны пераставаць маліцца і працаваць разам, каб быць гатовымі прыняць Божы дар адзінства”, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды літургічнага ўспаміну святога Андрэя, нябеснага апекуна Канстанцінопальскага Патрыярхату, Папа Францішак скіраваў традыцыйнае віншавальнае пасланне Патрыярху Барталамею І. Ліст Святога Айца 30 лістапада 2024 года ўручыў ганароваму лідару сусветнага праваслаўя кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству.

Пантыфік нагадаў, што 21 лістапада адзначалася 60-годдзе дэкрэта Unitatis redintegratio, які быў прыняты на Другім Ватыканскім Саборы і стаў афіцыйным уступленнем Каталіцкага Касцёла ў экуменічны дыялог з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі.

“Наш дыялог з Праваслаўнай Царквой быў і застаецца асабліва плённым”, - напісаў Францішак, называючы яго першым бясспрэчным плёнам “братэрства, якое сёння адчуваецца з асаблівай моцай”.

“Аднак тое, што Unitatis redintegratio абвяшчае як канчатковую мэту дыялогу – поўную еднасць паміж усімі хрысціянамі з раздзяленнем аднаго эўхарыстычнага келіха, – пакуль яшчэ не дасягнута нават з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі. Гэта не павінна здзіўляць, бо тысячагадовыя падзелы немагчыма пераадолець за некалькі дзесяцігоддзяў”, - падкрэсліў ён, заклікаючы не губляць надзею на тое, што адзінства паміж хрысціянамі будзе дасягнута на працягу гісторыі і ў разумныя тэрміны. “Католікі і праваслаўныя ніколі не павінны пераставаць маліцца і працаваць разам, каб быць гатовымі прыняць Божы дар адзінства”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак запэўніў у імкненні Каталіцкага Касцёла працягваць экуменічны дыялог, што было пацверджана на Сінодзе Біскупаў аб сінадальнасці, які нядаўна прайшоў у Ватыкане.

“Перажытая ў тыя дні атмасфера сапраўднага і адкрытага дыялогу, незалежна ад канкрэтных рашэнняў, што вынікнуць з працы Асамблеі, ужо з’яўляецца значным сведчаннем. У свеце, які раз’яднаны супрацьстаяннямі і палярызацыяй, удзельнікі Асамблеі, хоць і паходзілі з вельмі розных кантэкстаў, змаглі слухаць адзін аднаго без асуджэння або крытыкі. Такое слуханне без асуджэння павінна стаць спосабам, якім католікі і праваслаўныя працягваюць свой шлях да еднасці”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец згадаў таксама пра 1700-годдзе Нікейскага Сабора, святкаванне якога стане яшчэ адной магчымасцю для сведчання пра ўсё большую еднасць хрысціянаў, “якая ўжо існуе паміж тымі, хто ахрышчаны ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога”.

“Я ўжо неаднаразова выказваў сваё жаданне адзначыць гэту падзею разам з вамі, і шчыра дзякую ўсім, хто ўжо пачаў працаваць над тым, каб гэта стала магчымым. Гэтая гадавіна закране не толькі дзве старажытныя катэдры, якія актыўна ўдзельнічалі ў Саборы, але і ўсіх хрысціянаў, якія працягваюць вызнаваць сваю веру словамі Нікейска-Канстанцінопальскага Сімвала веры. Ушанаванне гэтай значнай падзеі, безумоўна, узмоцніць ужо існуючыя сувязі і заахвоціць усе Цэрквы да абноўленага сведчання ў сучасным свеце. Жывое братэрства і сведчанне хрысціянаў стануць пасланнем таксама і для нашага свету, які пакутуе ад войнаў і гвалту. У сувязі з гэтым я шчыра далучаюся да вашай малітвы аб міры ва Украіне, Палесціне, Ізраілі і Ліване, а таксама ва ўсіх тых рэгіёнах, дзе адбываецца тое, што я часта называю “фрагментарнай сусветнай вайной””, - напісаў Папа.
 

30 лістапада 2024, 12:02