Пошук

Пантыфік сустрэўся з даследчыкамі "схаваных хрысціян" Японіі

Францішак прыняў 30 лістапада 2024 года прадстаўнікоў японскай Hidden Christian Research Association, якія займаюцца захаваннем гісторыі падпольных хрысціян у рэгіёне Нагасакі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа высока ацаніў намаганні даследчыкаў па захаванні месцаў, якія з'яўляюцца каштоўным сведчаннем важнай, хоць і схаванай старонкі гісторыі Паўсюднага Касцёла і японскага народа. Ён падкрэсліў высакароднасць японцаў і выказаў спадзяванне на тое, што прызнанне важнасці такіх месцаў паслужыць жывым сведчаннем вернасці многіх хрысціян у Японіі.

"Ваша праца па адукацыі і захаванні павінна зрабіць больш вядомым і ацэненым гэты выбітны раздзел гісторыі евангелізацыі", - падкрэсліў Пантыфік, адзначыўшы, што сустрэча адбываецца напярэдадні ўспаміну святога Францішка Ксаверыя, вялікага місіянера, які марыў пра пашырэнне Евангелля ў Японіі.

Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што наведванне гістарычных месцаў паслужыць сучасным хрысціянам Японіі як "памяць і жывы агонь душы кожнага апостальства на гэтай зямлі, здольны абнаўляць і пастаянна распальваць евангелізацыйную руплівасць".

Папа таксама заклікаў маліцца за хрысціян, якія сёння пакутуюць ад пераследу і паміраюць за імя Езуса, а таксама за тых, хто вымушаны адчуваць на сабе горкія плады вайны, насілля, нянавісці і прыгнёту. Ён даручыў іх заступніцтву Маці Касцёла і заклікаў маліцца аб прыходзе Валадарства Хрыстовага – Валадарства паўсюднага прымірэння, справядлівасці і спакою.
 

30 лістапада 2024, 10:31