Пошук

Францішак заклікаў матацыклістаў дбаць пра бяспеку на дарогах

Папа сустрэўся 25 лістапада 2024 года з прадстаўнікамі Італьянскай матацыклетнай федэрацыі і заклікаў іх працягваць адукацыйную працу па бяспецы дарожнага руху сярод моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падкрэсліў важнасць місіі прасоўвання бяспекі дарожнага руху. Ён адзначыў ролю Федэрацыі ў кіраванні і рэгуляванні матацыклетнага спорту як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

"На дарогах гіне вельмі шмат людзей, шмат з іх – маладыя! У многіх выпадках дрэннае веданне або невыкананне правілаў бяспекі ставіць пад пагрозу не толькі жыццё таго, хто кіруе, але і іншых", - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік асабліва адзначыў важнасць адукацыйных праграм па бяспецы дарожнага руху ў школах, якія праводзіць Федэрацыя. Гэта дазваляе маладым людзям, якія захапляюцца матацыклетным спортам і яго чэмпіёнамі, лепш усведамляць магчымыя небяспекі.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак з гумарам папрасіў прысутных маліцца за яго, жартаўліва параўнаўшы сваю працу з хуткай яздой на састарэлым матацыкле: "Маліцеся за мяне, бо я маю ў гэтым патрэбу. Чаму? Таму што мая праца вельмі паскораная, а мой матацыкл састарэў і дрэнна працуе!"
 

25 лістапада 2024, 11:56