Святы Айцец: сустрэча з джайністамі – крок да лепшага свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 лістапада 2024 года Папа выказаў задавальненне тым, што візіт з'яўляецца часткай шматгадовага дыялогу паміж джайністамі і хрысціянамі, які праводзіцца пры падтрымцы Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
Святы Айцец падзяліўся сумнай навіной пра цяжкі стан здароўя кардынала Аюса Гішота, кіраўніка Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, і папрасіў прысутных памаліцца за яго. Ён падзякаваў дэлегацыі за намаганні ў пошуку сумесных шляхоў клопату пра Зямлю, бедных і найбольш уразлівых у грамадстве. "Кожны чалавек добрай волі можа распаўсюджваць любоў і дапамагаць патрабуючым, паважаючы адрозненні", - адзначыў Францішак.
Папа заўважыў, што многія сучасныя праблемы грамадства выкліканы індывідуалізмам і абыякавасцю, якія прыводзяць да пагарды да годнасці і правоў бліжняга, асабліва ў шматкультурным кантэксце. Ён падкрэсліў важнасць пабудовы грамадскага сяброўства, салідарнасці і трывалага міру, нягледзячы на перашкоды.
Францішак нагадаў пра ўніверсальнае братэрства, заснаванае на тым, што "Бог стварыў усіх людзей роўнымі ў правах, абавязках і годнасці, і паклікаў іх жыць разам як братоў і сясцёр". Ён выказаў падзяку дэлегацыі за візіт і намаганні, пажадаўшы плённага дыялогу.