Пошук

Моладзь і мір: тры ключавыя думкі ад Папы Францішка

Падчас сустрэчы з дэлегацыяй Рады Універсальнага Міру, якая прайшла ў Ватыкане 25 лістапада 2024 года, Папа падзяліўся трыма ключавымі думкамі пра пабудову міру ў Святой Зямлі і заклікаў маладых людзей не губляць надзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падзякаваў сваім гасцям за іх адданасць справе міру на Бліжнім Усходзе, які на працягу стагоддзяў быў сведкам шматлікіх выпадкаў насілля і пакут. Ён адзначыў, што сённяшняя сітуацыя робіць справу міру яшчэ больш важнай. "Мы маем патрэбу ў моладзі для гэтага важнага служэння, бо яна валодае ідэалізмам, энтузіязмам і надзеяй", - прызнаўся Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што менавіта моладзь можа дапамагчы іншым адкрыць ключавыя элементы, якія рыхтуюць шлях да міру: дараванне і гатоўнасць адпусціць прадузятасці і раны мінулага.

Другі ключавы момант, на які звярнуў увагу Папа – гэта важнасць дыялогу. "Набліжацца, выказвацца, слухаць адно аднаго, глядзець адно на аднаго, пазнаваць адно аднаго, спрабаваць зразумець адно аднаго, шукаць пункты судакранання – усё гэта падсумоўваецца ў выразе "весці дыялог", - нагадаў Пантыфік словы са сваёй энцыклікі Fratelli tutti.

Трэці пункт – заклік ніколі не губляць надзеі. Папа прызнаў, што лёгка расчаравацца, калі мы бачым разбуральныя наступствы вайны і нянавісці. Аднак ён заахвоціў маладых людзей памятаць, што ўсё каштоўнае ніколі не бывае лёгкім і патрабуе ахвяр і штодзённых намаганняў.

"Захоўвайце жывой надзею, дарагія маладыя людзі, памятаючы, што мы ўсе з'яўляемся часткай адзінай чалавечай сям'і", - падкрэсліў Францішак, дадаўшы, што важна таксама не губляць пачуцця гумару.
 

25 лістапада 2024, 10:47