Папа: сужэнства і сям’я – аснова жыцця народаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане навучэнцаў, выкладчыкаў і дабрачынцаў Папскага тэалагічнага інстытута Яна Паўла II, які даследуе пытанні сужэнства і сям'і. Нагодай для сустрэчы паслужыў пачатак навучальнага года. (ПОЎНЫ ТЭКСТ ПРАМОВЫ)
Сям’я ў сінадальным Касцёле
У сваёй прамове Папа нагадаў, што выніковы дакумент XVI Сінода Біскупаў сцвярджае, што сям’я з'яўляецца “прывілеяваным месцам для навучання і практыкавання асноўных прынцыпаў сінадальнага Касцёла” (35). Сем'і павінны ўсведамляць сябе не проста як аб'екты душпастырскай апекі, але як актыўныя “суб'екты, адказныя за будаванне Касцёла і ўдзел у жыцці грамадства” (64). Папа падкрэсліў, што сужэнства і сям'я “маюць вырашальнае значэнне для жыцця народаў”, таму Касцёл заўсёды імкнецца абараняць, падтрымліваць і евангелізаваць іх.
Роўнасць мужчын і жанчын у Хрысце
Францішак выказаў засмучэнне, у сувязі з тым, што ўлады некаторых краін не паважаюць годнасць і свабоду чалавека. “Часта абмежаванні і прымусовыя ўмовы наймацней уплываюць на жанчын, ставячы іх ў падпарадкаванае становішча”, - заўважыў ён. Аднак у Хрысце няма адрознення паміж мужчынам і жанчынай: “няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе” (Гал 3, 28). Абодва роўныя ў Хрысце і з'яўляюцца “патомствам Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцамі” (Гал 3, 29), - нагадаў Папа.
Езус вызваляе людзей ад граху, смутку, унутранай пустаты і ізаляцыі (Evangelii gaudium, 1), а сямейнае Евангелле прыносіць радасць, якая “напаўняе сэрца і ўсё жыццё” (Amoris laetitia, 200). Менавіта гэта Евангелле яднае людзей усіх культур у пошуку таго, што адпавядае чалавечаму імкненню да збаўлення, - адзначыў Святы Айцец.
Касцёл не зачыняе, а адчыняе дзверы
Францішак заўважыў, што сакрамэнт сужэнства нагадвае добрае віно, якое падавалі на вяселлі ў Кане (Ян 2, 1-12). Ён нагадаў, што першыя хрысціянскія супольнасці ўзніклі ў хатняй форме: вернікі збіраліся ў дамах. З самага пачатку Касцёл быў адкрытым і гасцінным да ўсіх, не дапускаючы ніякіх эканамічных або сацыяльных перашкод для тых, хто жадаў следаваць за Хрыстом. “Уступленне ў Касцёл заўсёды азначае адкрыццё новага, заснаванага на хросце, братэрства, якое прымае ўсіх, нават чужынцаў і ворагаў”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што Касцёл не зачыняе, а наадварот, адчыняе дзверы тым, хто мае патрэбу ў міласэрным душпастырстве.
На думку Пантыфіка, “логіка пастырскай інтэграцыі” з'яўляецца ключавым прынцыпам суправаджэння людзей, якія жывуць ў грамадзянскім шлюбе, а таксама тых, хто развёўся і ўступіў у новы шлюб. Незалежна ад іх жыццёвых абставін, гэтыя людзі з'яўляюцца ахрышчанымі, братамі і сёстрамі, якім Святы Дух працягвае даваць свае дары і харызмы дзеля дабра ўсіх. “Іх прысутнасць у Касцёле сведчыць пра гатоўнасць захоўваць веру, нягледзячы на раны балючых перажыванняў”, - адзначыў Святы Айцец.
“Не выключаючы нікога, Касцёл падтрымлівае сям'ю, заснаваную на сакрамэнце сужэнства, дапамагаючы ўмацоўваць сямейныя повязі. “Моц сям'і заключаецца ў яе здольнасці любіць і вучыць любіць”. Нават параненыя сем’і могуць аднаўляцца і расці з дапамогай любові, - лічыць Папа.
Разрыў паміж Евангеллем і культурай
Францішак звярнуў увагу на выклікі і надзеі, якія сёння стаяць перад сям’ёй і сужэнствам. Ён згадаў словы Паўла VI пра тое, што “разрыў паміж Евангеллем і культурай з'яўляецца драмай сучаснасці” (Evangelii nuntiandi, 20). Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI паглыбілі тэму інкультурацыі, акцэнтуючы ўвагу на пытаннях міжкультурнасці і глабалізацыі. “Ад здольнасці супрацьстаяць гэтым выклікам залежыць магчымасць паўнавартаснага выканання евангелізацыйнай місіі, якая з'яўляецца абавязкам кожнага хрысціяніна”, - нагадаў Папа, дадаючы, што апошні Сінод падкрэсліў важнасць пераадолення культурных канфліктаў і пабудовы гармоніі паміж народамі.
Роля Інстытута Яна Паўла II
Святы Айцец падкрэсліў асаблівую ролю Інстытута Яна Паўла II ў вывучэнні адносін розных грамадстваў да сужэнства і сям’і. Ён заахвоціў інстытут надаць увагу развіццю гуманітарных навук і антрапалогіі ў галіне культуры жыцця, а таксама супрацоўнічаць і весці дыялог з рознымі ўстановамі і экспертамі па ўсім свеце, нягледзячы на розныя погляды і падыходы.
“Спадзяюся, што інстытут будзе падтрымліваць сужонкаў і сям'і ва ўсім свеце ў іх місіі быць жывымі камянямі Касцёла, а таксама сведкамі вернасці, служэння, адкрытасці на жыццё і гасціннасці. Мы ідзем разам за Хрыстом! Гэты сінадальны стыль адпавядае сённяшнім вялікім выклікам, перад якімі сем'і з'яўляюцца знакамі плённасці і братэрства, якія грунтуюцца на Евангеллі”, - заключыў Святы Айцец.