Пошук

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі Catholic Philanthropy Network

У Ватыкане 11 лістапада 2024 года адбылася сустрэча Святога Айца з прадстаўнікамі Catholic Philanthropy Network падчас іх паломніцтва і сімпозіума ў Вечным горадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа выказаў спадзяванне на тое, што гэтыя дні разважанняў і малітвы каля магіл апосталаў і мучанікаў узмоцняць іх любоў да Касцёла і адданасць справе распаўсюджвання Добрай Навіны.

Францішак падкрэсліў, што Касцёл цяпер знаходзіцца ў працэсе разважання над сваёй прыродай як "сінадальнай" супольнасці, заснаванай на агульнай годнасці ахрышчаных і іх адказнасці за місію. Ён выказаў удзячнасць за падтрымку, якую Сетка аказвае Святому Пасаду ў распазнаванні знакаў часу і дапамозе паўсюднаму Касцёлу адказваць на выклікі сучаснасці.

Святы Айцец адзначыў сінадальную прыроду самой арганізацыі FADICA, якая абапіраецца на агульнае бачанне і супрацоўніцтва многіх асоб, сем'яў і фондаў. Ён заклікаў, каб дух салідарнасці і шчодрай зацікаўленасці ў іншых заўсёды жывіўся пачуццём удзячнасці за шматлікія дары, якімі Пан нас адорвае.

На заканчэнне сустрэчы Францішак даручыў усіх прысутных любові, аб'яўленай у Найсвяцейшым Сэрцы Збаўцы, і заахвоціў працягваць "жыць радасцю імкнення перадаваць любоў Хрыста іншым", як ён напісаў у энцыкліцы Dilexit nos. Святы Айцец блаславіў удзельнікаў сустрэчы і іх сем'і, просячы памятаць пра яго ў малітвах.
 

11 лістапада 2024, 11:11