Пошук

Францішак: сёння існуе вялікая патрэба ў новай евангелізацыі

28 лістапада 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў арганізацыі "Сейбіт-Новая Евангелізацыя" (El Sembrador-Nueva Evangelización), якая займаецца новай евангелізацыяй з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі, у тым ліку і тэлеканала ESNE.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец асабліва падзякаваў заснавальніку арганізацыі, Наэлю Дзіясу, прыгадаўшы іх знаёмства падчас апостальскага падарожжа на Кубу і ў Мексіку ў 2016 годзе, калі Наэль, кіруючыся абяцаннем, дадзеным маці, пачысціў абутак Папы. Францішак заклікаў прысутных звярнуцца ў думках да сваіх маці з удзячнасцю за ўсё, што яны атрымалі ад іх.

“Я захапляюся яго верай і адданасцю Божаму Провіду”, - сказаў Францішак пра Наэля Дзіяса, выказваючы ўдзячнасць усёй яго супольнасці за тое, што яны адказалі на заклік святога Яна Паўла ІІ да новай евангелізацыі.

Пантыфік пахваліў праект Yo soy el 73, накіраваны на стварэнне супольнасці евангелізатараў, здольных перадаваць евангельскую радасць і ласку Божую. “Сёння існуе вялікая патрэба ў вучнях, якія б працягвалі місію, даручаную Езусам, і евангелізавалі б праз сродкі масавай інфармацыі”, - адзначыў Святы Айцец, дзякуючы гасцям за тое, што яны нясуць папскае слова і вучэнне шырокай аўдыторыі ў ЗША і іншых іспанамоўных краінах, дапамагаюць вернікам маліцца, удзельнічаць у Імшы, атрымліваць хрысціянскую адукацыю і касцёльныя навіны.

Папа асабліва падзякаваў супольнасці ESNE за намаганні па падтрымцы мігрантаў з Лацінскай Амерыкі, а таксама за плённае супрацоўніцтва з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. Ён заахвоціў журналістаў працягваць служэнне, не забываючыся пра найбольш патрабуючых. Ён заклікаў дапамагаць ім з шчодрасцю і творчасцю, захоўваючы пры гэтым вернасць вучэнню Касцёла.

28 лістапада 2024, 11:21