Пошук

Францішак падчас Імшы ў Таліне. 25.09.2018 Францішак падчас Імшы ў Таліне. 25.09.2018  (ANSA)

Святы Айцец ушаноўвае стагоддзе каталіцкіх структур у Эстоніі

У стагоддзе стварэння апостальскай адміністратуры ў Эстоніі, нядаўна ўзведзенай у ранг дыяцэзіі, Францішак накіраваў ліст Біскупу Талінскаму Філіпу Журдану.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец падкрэслівае, што гэтая важная вяха ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі азначае стагоддзе непахіснай вернасці каталіцкай веры. Менавіта гэта дазволіла невялікай, але жывой касцельнай супольнасці стаць крыніцай суцяшэння і духоўнага сілкавання для незлічоных мужчын і жанчын па ўсёй краіне.

“Нават самая маленькая расліна, самы сціплы жэст могуць вырасці далёка за межы сваіх сціплых пачаткаў”

Успамінаючы мінулае стагоддзе, Папа выказвае асаблівую падзяку Усемагутнаму Богу за прыклад веры, які паказалі мужныя і стойкія продкі, якія адыгралі ключавую ролю ў выхаванні і падтрымцы каталіцкай супольнасці ў Эстоніі. Асаблівым чынам ён згадвае Слугу Божага арцыбіскупа Эдуарда Профітліха, чыё сведчанне пра Хрыста і мужнасць у захаванні блізкасці да сваёй паствы, нават да праліцця крыві, пасеялі насенне, якое і сёння прыносіць плён.

“Няхай гэты юбілей стане магчымасцю для духоўнага абнаўлення вашай зямлі”

Францішак выказвае спадзяванне на тое, што цяперашні юбілей стане нагодай для духоўнага абнаўлення эстонскай зямлі, абуджаючы новае пачуццё місіянерскага запалу, асабліва сярод маладых людзей. Такім чынам яны змогуць больш эфектыўна абвяшчаць Божае пасланне любові, міласэрнасці і паяднання, несучы святло Езуса і вызваляльную сілу Евангелля многім сучасным людзям, якія нават не вераць у Бога.

“Дух Святы можа весці вас да таго, каб быць красамоўным знакам працяглага даверу да Божага Провіду”

У кантэксце сённяшняй вайны ў Еўропе, якая з'яўляецца крыніцай глыбокай трывогі і трагічна адгукаецца цёмнымі момантамі мінулых гадоў, Папа заклікае эстонскіх католікаў працаваць разам з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій у нясенні адзінага сведчання пра Божыя абяцанні. Ён заахвочвае іх працягваць руку сяброўства бежанцам і найбольш уразлівым братам і сёстрам.

На заканчэнне Святы Айцец даручае духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Касцёла ў Эстоніі заступніцтву святога Віктара і апецы Марыі, Маці Касцёла, удзяляючы сваё апостальскае благаслаўленне як заклад шчодрых нябесных ласкаў.
 

03 лістапада 2024, 12:20