Пошук

Падчас малітвы Анёл Панскі Падчас малітвы Анёл Панскі  (ANSA)

Францішак заклікаў маліцца за ахвяр войнаў і прыродных катастроф

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі 1 лістапада 2024 года Папа выказаў занепакоенасць сітуацыяй у свеце, асабліва ў Газе, дзе загінулі жанчыны і дзеці, а таксама заклікаў маліцца за ахвяр войнаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак распачаў свой зварот са слоў падтрымкі народу Чада, які нядаўна перажыў цяжкі тэрарыстычны напад. Ён таксама выказаў спачуванне пацярпелым ад паводак у гэтай краіне і на Іберыйскім паўвостраве, асабліва ў Валенсіі, дзе праз буру DANA загінулі і пацярпелі многія людзі.

Бог падтрымлівае тых, хто пакутуе, і тых, хто прыходзіць на дапамогу

"Мы павінны маліцца за ўсіх пацярпелых, за іх сем'і і за тых, хто страціў сваіх блізкіх", - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў да салідарнасці з пацярпелымі. Ён асабліва адзначыў ролю ратавальнікаў і валанцёраў, якія нястомна працуюць, каб дапамагчы людзям у бядзе.

Пасля гэтага Пантыфік цёпла павітаў паломнікаў з розных краін, сем'і, парафіяльныя групы, асацыяцыі і школьнікаў. Асаблівае прывітанне ён накіраваў удзельнікам Забегу Святых, арганізаванага Фондам місій Дона Боска.

Вайна – гэта трыумф хлусні і падману

Асаблівую ўвагу Папа надаў сітуацыі ў краінах, якія пакутуюць ад войнаў. "Браты і сёстры, вайна – гэта заўсёды паразa, заўсёды! І гэта ганебна, бо гэта трыумф хлусні, падману: шукаюць максімальнай выгады для сябе і максімальнай шкоды для праціўніка, топчучы чалавечыя жыцці, навакольнае асяроддзе, інфраструктуру", - падкрэсліў Пантыфік.

З болем у сэрцы Святы Айцец успомніў пра 153 жанчын і дзяцей, забітых у апошнія дні ў Газе. Ён заклікаў маліцца за Украіну, Палесціну, Ізраіль, Ліван, М'янму, Судан і ўсе народы, якія пакутуюць ад войнаў.

Не забывайцеся маліцца за памерлых

Напрыканцы Папа нагадаў пра набліжэнне Дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў і паведаміў, што 2 лістапада 2024 года ён будзе цэлебраваць святую Імшу на могілках Лаўрэнціна ў Рыме. Ён заахвоціў вернікаў наведаць магілы сваіх блізкіх і падкрэсліў, што Эўхарыстыя з'яўляецца найлепшай малітвай за душы памерлых.
 

01 лістапада 2024, 13:06