Пошук

2013.03.14 Papa Francesco firma un documento

Папа: вывучаць гісторыю для захавання памяці і братэрскай будучыні

Уважліва ставіцца да мінулага і досведу старэйшых пакаленняў, адхіляючы ідэалогіі, якія імкнуцца ігнараваць ці скажаць гісторыю, знішчаючы ўсё, што адрозніваецца ад іх бачання, - заклікаў Францішак у лісце на тэму абнаўлення вывучэння гісторыі Касцёла.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасланне было абнародавана 21 лістапада 2024 года. Яно з'яўляецца працягам разважанняў Папы пра ролю адукацыі, пачатых 4 жніўня 2024 года лістом пра значэнне літаратуры.

У дакуменце падкрэсліваецца, што вывучэнне гісторыі Касцёла павінна быць не проста пералікам асноўных падзей за апошнія дваццаць стагоддзяў хрысціянства, а развіццём гістарычнага мыслення, “сапраўднага пачуцця гісторыі ў маладых студэнтаў-тэолагаў”. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Сувязь з папярэднімі пакаленнямі

“Ніхто не можа па-сапраўднаму зразумець сваю глыбінную сутнасць або кім ён хоча стаць у будучыні, не звяртаючы ўвагі на сувязі, якія звязваюць яго з папярэднімі пакаленнямі. Гэта тычыцца не толькі асобных людзей, але і супольнасці”, - зазначыў Папа, дадаючы, што вывучэнне гісторыі дапамагае падтрымліваць "полымя калектыўнага сумлення".

Этычная адказнасць, спачуванне і салідарнасць

Святы Айцец падкрэсліў важнасць правільнага разумення гісторыі для ўспрымання свету такім, які ён ёсць, для фарміравання аб'ектыўнага погляду на рэчаіснасць, якая “заклікае нас да этычнай адказнасці, спагады і салідарнасці”.

Пазбягаць ідэалізаванага ўяўлення пра Касцёл

Пантыфік нагадаў пра важнасць пазбягання празмерна ідэалізаванага, “анёльскага” ўяўлення пра Касцёл, які не мае “плям і маршчын”. Вывучэнне гісторыі Касцёла дазваляе ўбачыць і прыняць яго такім, які ён ёсць, а таксама палюбіць тое, чаму ён навучыўся на сваіх памылках. “Касцёл нават у самыя змрочныя моманты свайго жыцця ўсведамляе сваю глыбокую ідэнтычнасць і можа быць здольны зразумець недасканалы і паранены свет, у якім ён жыве”, а таксама працаваць дзеля яго аздараўлення, “нават калі часам у яго нічога не атрымліваецца”.

Францішак папярэдзіў ад памылковага падыходу, які разглядае рэчаіснасць з пункту гледжання трыўмфалістычнай абароны сваёй функцыі або ролі. Ён прывёў прыклад з энцыклікі Fratelli tutti, калі пры такім падыходзе паранены з прыпавесці пра Самараніна разглядаецца як фактар, які адцягвае ўвагу ад важных рэчаў у жыцці, як нехта нязначны.

Прывіваць пачуццё гісторыі

Святы Айцец падкрэсліў “неабходнасць прывіваць пачуццё гісторыі кандыдатам у святары”, асабліва ў сучасным свеце, дзе назіраецца страта гістарычнай свядомасці. “У сучаснай культуры квітнее свайго роду дэканструкцыянізм, згодна з якім чалавечая свабода ўспрымаецца як магчымасць ствараць усё нанова, з нуля”. Гэтая тэндэнцыя вядзе да неабмежаванага спажывання і пустога індывідуалізму, - папярэдзіў Папа.

Ідэалогіі знішчаюць тых, хто адрозніваецца

Папа звярнуў увагу на небяспеку ідэалогій, якія імкнуцца зруйнаваць усё, што адрозніваецца ад іх, каб дамінаваць непадзельна. У апостальскай адгартацыі Christus vivit змяшчаецца заклік не давяраць тым, хто прапануе ігнараваць мінулае і не шанаваць досвед старэйшых пакаленняў. Такія ідэалогіі імкнуцца зрабіць чалавека пустым, без каранёў, падпарадкаваным іх планам і недаверлівым да ўсяго, акрамя іх абяцанняў.

Небяспека маніпуляцый гісторыяй

Францішак папярэдзіў пра небяспеку стварэння "выгадных" успамінаў (memorie ad hoc), якія выкарыстоўваюцца ў пэўных мэтах. Ён падкрэсліў важнасць дыяхранічнага падыходу, які ўлічвае гісторыю ў яе развіцці, у адрозненне ад сінхроннага падыходу. Такая перспектыва неабходная для процідзеяння "сціранню мінулага і гісторыі ці тэндэнцыйным гістарычным наратывам”. Праблема становіцца яшчэ больш сур'ёзнай, калі гісторыю скажаюць дзеля стварэння "выгадных" успамінаў і ідэалагічна выгадных ідэнтычнасцяў, - адзначыў Папа.

Спрошчванні ў сацыяльных сетках

Святы Айцец закрануў праблему “наіўных і небяспечных спрошчванняў” у ацэнцы гісторыі, асабліва калі суджэнні пра "жудасныя моманты" ці "цёмныя постаці" перадаюцца выключна ў сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках ці выкарыстоўваюцца ў палітычных інтарэсах. Ён папярэдзіў, што гэта можа выклікаць “ірацыянальныя парывы гневу або эмоцый". “Як гаворыцца, рэч, вырваная з кантэксту, служыць толькі падставай", - заўважыў ён.

Гісторыя Касцёла і яе складанасці

Францішак згадаў генеалогію Езуса з Евангелля ад Мацвея, у якой згадваюцца “праблемныя” імёны з супярэчлівым мінулым. Падобным жа чынам, Касцёл прызнае, што сярод яго членаў, як святароў, так і свецкіх, былі тыя, хто “не заставаўся верным Духу Божаму”. “Мы павінны ўсведамляць іх і рашуча змагацца з імі, каб яны не перашкаджалі распаўсюджванню Евангелля”, - напісаў Папа.

Памятаць, каб рухацца наперад

Пантыфік падкрэсліў, што забывацца пра такія падзеі, як Халакост, атамныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, і іншыя трагедыі, якія "прымушаюць нас саромецца таго, што мы людзі", недапушчальна. Гэтыя падзеі павінны згадвацца без спроб іх змякчыць або адмахнуцца ад іх як ад "мінулага" са словамі "прайшло шмат часу" і "трэба глядзець наперад". Без памяці нельга ісці наперад. Рост і развіццё магчымыя толькі праз захаванне і асэнсаванне гісторыі, - нагадаў Францішак.

Даследаваць гісторыю з запалам

Вывучэнне гісторыі Касцёла не павінна абмяжоўвацца храналагічным падыходам або агульным рэдукцыянізмам, простымі схемамі, няздольным весці дыялог "з жывой рэальнасцю". Францішак падкрэсліў, што неабходна вучыць студэнтаў правільна даследаваць крыніцы, каб яны вучыліся з запалам і захапленнем. Ён звярнуў увагу на неабходнасць вярнуць у гісторыю тых, чые галасы засталіся непачутымі, у тым ліку пакутнікаў. “Менавіта тады, калі Касцёл не дасягнуў трыумфу ў вачах свету, ён дасягнуў сваёй найвялікшай прыгажосці”, - заўважыў Папа.

Вялікае заданне

Францішак нагадаў моладзі пра важнасць глыбокіх даследаванняў, а не павярхоўнага чытання ці капіравання з інтэрнэту. Гэта неабходна для таго, каб "задаць сабе пытанні", каб знайсці сэнс жыцця, не ўпадаючы ў банальнасць. “Вось ваша вялікае заданне: адказаць на паўтаральныя і знясільваючыя рэфрэны культурнага спажывання дынамічным і моцным выбарам, даследаваннямі, ведамі і ўзаемадзеяннем", - напісаў Папа.

21 лістапада 2024, 12:41