Удзельнікі саміту G20 у Рыа-дэ-Жанэйра Удзельнікі саміту G20 у Рыа-дэ-Жанэйра 

Папа прапануе G20 скараціць выдаткі на зброю і бароцца з голадам

Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам саміту G20 у Рыа-дэ-Жанэйра, заклікаўшы стварыць глабальны фонд па барацьбе з голадам за кошт скарачэння ваенных выдаткаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пасланні да прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіу Лулы да Сілвы, які старшынствуе ў Вялікай дваццатцы, Папа падкрэсліў неабходнасць тэрміновых дзеянняў па выкараненні голаду і беднасці ў свеце.

Святы Айцец адзначыў, што сучасныя ўзброеныя канфлікты не толькі прыводзяць да шматлікіх ахвяр і экалагічных праблем, але і ўзмацняюць голад і беднасць як у зонах канфліктаў, так і за іх межамі. Ваенныя дзеянні працягваюць аказваць значны ўплыў на нацыянальныя эканомікі, асабліва з прычыны велізарных сум, якія выдаткоўваюцца на зброю.

“Голад з'яўляецца злачынствам, ежа – гэта неад'емнае права”

Францішак звярнуў увагу на парадаксальную сітуацыю ў свеце: больш за 3 мільярда людзей не маюць доступу да паўнавартаснага харчавання, у той час як амаль 2 мільярда пакутуюць ад атлусцення. Ён падкрэсліў, што праблема голаду – гэта не проста недахоп ежы, а вынік больш шырокай сацыяльнай і эканамічнай несправядлівасці. На планеце вырабляецца дастаткова ежы для ўсіх людзей, але яна няроўна размяркоўваецца, а значная частка штодня выкідваецца.

Святы Айцец прапанаваў стварыць Глабальны альянс супраць голаду і беднасці, які мог бы пачаць сваю дзейнасць з рэалізацыі даўняй прапановы Святога Пасада аб пераразмеркаванні сродкаў з ваенных выдаткаў на развіццё найбяднейшых краін.

На думку Папы, такі падыход дапаможа прадухіліць сітуацыі, калі грамадзяне гэтых краін вымушаныя звяртацца да гвалтоўных рашэнняў або пакідаць Радзіму ў пошуках больш годнага жыцця.

“Мясцовыя супольнасці і культурнае багацце народаў нельга ігнараваць”

Францішак таксама падкрэсліў важнасць устойлівых харчовых сістэм, якія павінны быць экалагічна бяспечнымі і карыснымі для мясцовых супольнасцей. Ён заклікаў да комплекснага і шматбаковага падыходу ў вырашэнні гэтых праблем, адзначыўшы, што кароткатэрміновыя рашэнні недастатковыя з улікам маштабу і геаграфічнага ахопу праблемы.

У заключэнні Папа падкрэсліў, што Святы Пасад працягне прасоўваць годнасць чалавека і ўносіць свой уклад у агульнае дабро праз дзейнасць каталіцкіх устаноў па ўсім свеце. Ён заклікаў планаваць і рэалізоўваць праекты ў адпаведнасці з патрэбамі людзей і грамадства, а не навязваць іх зверху ці праз арганізацыі, якія шукаюць толькі ўласную выгаду.
 

19 лістапада 2024, 09:30