Пошук

Папа з удзельнікамі Сінода па сінадальнасці Папа з удзельнікамі Сінода па сінадальнасці  (ANSA)

Папа: сінадальны дакумент – частка звычайнага настаўніцтва

25 лістапада 2024 года была апублікавана нота Францішка на тэму Выніковага дакумента апошняга Сінода. Папа падкрэсліў, што ён з'яўляецца часткай звычайнага магістэрыума Наступніка святога Пятра і павінен быць прыняты ўсім Касцёлам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выніковы дакумент XVI Звычайнай агульнай асамблеі Сінода Біскупаў, зацверджаны 26 кастрычніка 2024 года, з'яўляецца вынікам працяглага працэсу слухання і распазнавання, які пачаўся ў кастрычніку 2021 года. Гэты шлях прайшоў праз мясцовыя Касцёлы, нацыянальныя і кантынентальныя этапы, завяршыўшыся дзвюма сесіямі Сінода Біскупаў.

Дух Святы вядзе нас да поўнай праўды

"У розныя моманты сінадальнага шляху мы ўслухоўваліся ў тое, што Дух Святы кажа Касцёлам", - падкрэслівае Пантыфік у пачатку сваёй ноты, адзначаючы, што ўвесь Касцёл быў пакліканы прачытаць свой досвед і вызначыць крокі, якія трэба зрабіць.

Святы Айцец тлумачыць, што Выніковы дакумент уяўляе сабой форму сапраўднага навучання Біскупа Рыма, якая мае пэўныя рысы навізны. "Сінадальнасць з'яўляецца адпаведнай інтэрпрэтацыйнай рамкай для разумення іерархічнага служэння", - нагадвае Францішак свае словы ад 17 кастрычніка 2015 года.

Мясцовыя Касцёлы павінны дзейнічаць

Францішак падкрэслівае, што адсутнасць строга нарматыўнага характару Дакумента не азначае яго неабавязковасці. Наадварот, мясцовыя Касцёлы і групы Касцёлаў ужо цяпер пакліканы ўвасабляць у жыццё змешчаныя ў дакуменце аўтарытэтныя ўказанні.

Францішак дадае, што патрэбен час, каб прыйсці да выбару, які закранае ўвесь Касцёл, і гэта асабліва тычыцца тэм, даручаных дзесяці даследчым групам, да якіх могуць дадацца іншыя, маючы на ўвазе неабходныя рашэнні.

Папа заахвочвае мясцовыя Касцёлы да творчага падыходу ў рэалізацыі ўказанняў дакумента. Гэта можа ўключаць эксперыментальнае ўкараненне новых форм служэння і місійнай дзейнасці, якім павінна быць дадзена ацэнка. Важна, каб усе гэтыя дзеянні адбываліся праз працэсы распазнавання і прыняцця рашэнняў, якія адпавядаюць як праву, так і самому Дакументу.

Патрэбна ацэнка і справаздачнасць

У многіх выпадках гаворка ідзе пра рэальнае ўвасабленне ў жыццё таго, што ўжо прадугледжвае дзеючае права, як лацінскае, так і ўсходняе. У іншых сітуацыях магчыма будзе, праз сінадальнае распазнаванне, творча запусціць новыя формы служэння і місійнай дзейнасці.

Кожны біскуп павінен будзе ў справаздачах на візіт ad limina інфармаваць пра тое, якія выбары былі зроблены ў даручаным яму мясцовым Касцёле ў дачыненні да ўказанняў Выніковага дакумента, якія цяжкасці сустрэліся і якія былі плады гэтых дзеянняў.

Сінадальны шлях працягваецца

Генеральнаму сакратарыяту Сінода ў супрацоўніцтве з дыкастэрыямі Рымскай Курыі даручана задача суправаджэння "фазы ўвасаблення" сінадальнага шляху.

"Няхай Дух Святы, дар Уваскрослага, падтрымлівае і вядзе ўвесь Касцёл на гэтым шляху. Ён, які з'яўляецца гармоніяй, няхай няспынна амаладжае Касцёл моцай Евангелля, абнаўляе яго і вядзе да дасканалага адзінства з Абраннікам", - заключае Папа Францішак.
 

25 лістапада 2024, 17:46