Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: заўсёды бараніць жыццё людзей, а не абстрактныя прынцыпы

Імкненне да агульнага дабра і справядлівасці – гэта цэнтральныя і неад’емныя аспекты любой абароны кожнага чалавечага жыцця, асабліва самага ўразлівага і безабароннага, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 лістапада 2024 года Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму Агульнае дабро: тэорыя і практыка, якая была арганізавана Папскай акадэміяй жыцця. Францішак адзначыў важнасць сустрэчы ў сувязі з тым, што рэфлексія над агульным дабром ініцыявана менавіта гэтай ватыканскай установай.

“Калі мы сапраўды жадаем абараніць чалавечае жыццё ў любым кантэксце і ў любой сітуацыі, мы не можам ігнараваць пастаноўку пытанняў адносна жыцця, нават самых класічных у біяэтычных дэбатах, у сацыяльным і культурным кантэксце, у якім яны ўзнікаюць”, - напісаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “абарона жыцця, якая абмяжоўваецца толькі некалькімі аспектамі ці момантамі і не ўлічвае ўсе экзістэнцыяльныя, сацыяльныя і культурныя аспекты ў цэласнасці, рызыкуе аказацца неэфектыўнай і паддацца спакусе ідэалагізаванага падыходу, калі абараняюцца абстрактныя прынцыпы, а не канкрэтныя людзі”, - дадаў Святы Айцец.

“Імкненне да агульнага дабра і справядлівасці – гэта цэнтральныя і неад’емныя аспекты любой абароны кожнага чалавечага жыцця, асабліва самага ўразлівага і безабароннага, з павагай да ўсёй экасістэмы, у якой пражываем”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец станоўча адзначыў удзел у канферэнцыі некалькіх жанчын. “Нам патрэбна, каб у грамадстве, як і ў Касцёле, прыслухоўваліся да галасоў жанчын”, - напісаў ён, выказваючы пажаданне, каб адбываўся шырокі абмен ведамі ў рэфлексіі аб будучыні чалавецтва і каб усе культуры свету маглі ўнесці свой уклад і выказаць свае патрэбы, бо толькі так можна “мысліць і ствараць адкрыты свет”.

“У нашым свеце, адзначаным столькімі канфліктамі і супрацьстаяннямі, якія з’яўляюцца вынікам няздольнасці глядзець далей за свае інтарэсы, вельмі важна ўзгадваць пра агульнае дабро, адзін з краевугольных камянёў сацыяльнага вучэння Касцёла”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы патрэбу ў эканамічных тэорыях, якія б развілі гэтую тэму ў яе спецыфіцы, каб яна стала прынцыпам, які эфектыўна натхняе на палітычныя рашэнні, а не проста катэгорыяй, якую часта згадваюць на словах, але ігнаруюць на справе.
 

14 лістапада 2024, 18:45