Пошук

Святы Айцец: мучанікі – самыя пераканаўчыя сведкі надзеі

“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15,13). Гэта словы, якія заўсёды прыносяць суцяшэнне і надзею”, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 лістапада 2024 года Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі канферэнцыі на тэму мучаніцтва і ахвяравання жыцця, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах кананізацыі. У сваім звароце ён даў некаторыя тлумачэнні адносна разумення мучаніцтва ў сучасную эпоху. Пантыфік нагадаў, што для кананізацыі мучаніка не патрэбны цуды. “Дастаткова мучаніцтва, так мы ашчадзім час, паперу і грошы”, - сказаў ён.

Тры нязменныя крытэрыі

Папа падкрэсліў нязменнасць трох асноўных крытэрыяў прызнання мучаніцтва. Па-першае, мучанік – гэта хрысціянін, які свядома прымае гвалтоўную смерць, адмаўляючыся адрачыся ад веры. Па-другое, забойства здзяйсняецца ганіцелем з нянавісці да веры ці звязаных з ёй прычын. Па-трэцяе, ахвяра праяўляе любоў, цярплівасць і лагоднасць, наследуючы прыклад Хрыста.

Важнасць сукупнасці фактараў

“Тое, што змяняецца ў розныя эпохі, гэта не самі крытэрыі мучаніцтва, а спосабы, якімі яно адбываецца ў розных гістарычных кантэкстах”, - падкрэсліў Пантыфік, заўважаючы, што ў сучасным свеце хрысціян часта пераследуюць за тое, што яны, “натхнёныя верай у Бога, абараняюць справядлівасць, праўду і годнасць чалавека”. Таму пры разглядзе спраў мучаніцтва важна ўлічваць сукупнасць абставін і фактараў, - заахвоціў Папа, нагадваючы, што да гэтага заклікаў яшчэ Пій XII.

Камісія па новамучаніках і сведках веры

Францішак падкрэсліў, што сведчанне мучанікаў – гэта найбольш пераканаўчае сведчанне надзеі. Таму, напярэдадні Юбілейнага года, прысвечанага тэме надзеі, ён вырашыў заснаваць у рамках Дыкастэрыі па справах кананізацыі Камісію па новамучаніках і сведках веры, якая б, у адрозненні ад разгляду спраў мучаніцтва, збірала б памяць пра хрысціян, у тым ліку іншых канфесій, якія былі здольнымі адмовіцца ад жыцця, каб не здрадзіць Хрысту.

Новы шлях да святасці

Пантыфік адзначыў, што важным дапаўненнем да традыцыйнага разумення мучаніцтва стаў падпісаны ім у 2017 годзе Апостальскі ліст Maiorem hac dilectionem, якім было ўстаноўлена, што павінна існаваць сувязь паміж ахвяраваннем жыцця і заўчаснай смерцю. У адрозненне ад класічнага мучаніцтва, для яе не патрэбна наяўнасць ганіцеля. Галоўнае – добраахвотнае рашэнне аддаць жыццё ва ўмовах, якія аб’ектыўна вядуць да смерці. Пры гэтым чалавек павінен быў праяўляць хрысціянскія цноты хаця б у звычайнай ступені і пасля смерці быць акружаным славай і знакамі святасці, - нагадаў Святы Айцец.

“Нават у надзвычайным сведчанні такога роду святасці ззяе прыгажосць хрысціянскага жыцця, якое ведае, як зрабіць сябе дарам без меры, падобна Езусу на Крыжы”, - заключыў Папа.
 

14 лістапада 2024, 10:31