Пошук

Пантыфік: ніводнае жыццё не можа быць адрынута

Лячыць і суправаджаць кожнага пацыента да самага канца заклікаў Францішак медыкаў падчас аўдыенцыі, якая 29 лістапада 2024 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа сустрэўся з рэктарам, выкладчыкамі і студэнтамі Неапалітанскага універсітэта з нагоды 800-годдзя яго заснавання. Гэтая навучальная ўстанова, адна з найстаражытных у свеце, была заснавана ў 1224 годзе імператарам Федэрыкам II і дагэтуль носіць яго імя.

У сваёй прамове Папа адзначыў, што юбілей універсітэта запрашае акадэмічную супольнасць, і ў прыватнасці, дэлегацыю медыкаў адчуць гонар за сваё мінулае і прыгадаць славутую клінічную традыцыю, спадчыннікамі якой яны з'яўляюцца.

Святы Айцец нагадаў знакаміты прынцып кожнага доктара: Primum non nocere, secundum cavere, tertium sanare. (Па-першае — не нашкодзь, па-другое — паклапаціся, і па-трэцяе — ацалі).

Не нашкодзь. Гэты заклік здаецца залішнім, але ён патрабуе ад медыка здаровага рэалізму, каб не пагаршаць стан пацыента, які і так пакутуе, - заўважыў Пантыфік.

Паклапаціся. Гэта правіла нагадвае пра пакліканне дзейнічаць у стылі Божым, з блізкасцю, спачуваннем і пяшчотай, а таксама клапаціцца пра чалавека ў цэлым, а не толькі пра яго асобныя часткі.

Ацалі. У гэтай дзейнасці медыкі падобныя да Хрыста, які лячыў людскія хваробы і немачы, заўважыў Святы Айцец.

Сёння мы бачым хуткае развіццё тэхналогій, аднак яно павінна ісці поруч з этыкай. “Інакш, калі занядбаць чалавечай годнасцю (…), медыцына рызыкуе стаць інструментам эканамічных і ідэалагічных інтарэсаў”, - папярэдзіў Папа.

“Урач існуе для таго, каб лячыць: лячыць заўсёды! Ніводнае жыццё не можа быць адрынута”, - нагадаў Францішак, заклікаючы медыкаў суправаджаць усіх пацыентаў да самага канца.

29 лістапада 2024, 10:50