Admirabile signum: 5-годдзе ліста Папы аб значэнні бэтлеемскіх ясляў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Цудоўны знак бэтлеемскіх ясляў, такі дарагі хрысціянскаму народу, заўсёды абуджае захапленне і здзіўленне”, - такім словамі пачынаецца дакумент, які Папа Францішак падпісаў у італьянскім мястэчку Грэча. Гэта адбылося ў тым самым гроце, дзе ў 1223 годзе святы Францішак Асізскі стварыў першае ў гісторыі сцэнічнае прадстаўленне Божага Нараджэння.
Папа прызнаўся, што Апостальскім лістом Admirabile signum “хацеў бы падтрымаць прыгожую традыцыю нашых сем’яў, якія рыхтуюць стаенку перад Божым Нараджэннем, а таксама звычай ставіць яе ў месцах працы, у школах, шпіталях, турмах, на плошчах”.
Святы Айцец заўважыў, што яслі, створаныя Францішкам Асізскім, сталі магутным сродкам евангелізацыі, бо дапамагаюць перадаць прыгажосць хрысціянскай веры проста і зразумела, дасягаючы сэрцаў людзей.
Бэтлеемскія яслі абуджаюць узрушэнне і захапленне, бо яны раскрываюць “ласкавасць Бога”, які стаў маленькім і бедным, як мы. Гэта запрашэнне ісці шляхам пакоры, служэння і міласэрнасці, асабліва ў адносінах да найбольш патрабуючых братоў і сясцёр, – падкрэсліў Пантыфік у сваім Апостальскім лісце.