Папа на Корсіцы: народная рэлігійнасць як шлях евангелізацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец адзначыў, што землі Міжземнамор'я з'яўляюцца калыскай многіх цывілізацый і культур, якія дасягнулі значнага развіцця. Ён падкрэсліў асаблівую ролю грэка-рымскай і юдэа-хрысціянскай цывілізацый у фарміраванні культурнай, рэлігійнай і гістарычнай значнасці гэтага рэгіёна.
"Народная набожнасць выяўляе прысутнасць Бога ў жывой плоці гісторыі, умацоўвае сувязь з Касцёлам і часта становіцца нагодай для сустрэчы, культурнага абмену і свята", - сказаў ён у Palais des Congrès et d’Exposition.
Францішак падкрэсліў, што народная рэлігійнасць адлюстроўвае ўвасабленне як аснову хрысціянскай веры, якая заўсёды выяўляецца ў культуры, гісторыі і мовах народа. Ён адзначыў, што такая практыка веры прыцягвае і ўключае нават тых людзей, якія знаходзяцца на парозе веры або не практыкуюць яе рэгулярна. "У народнай набожнасці можна ўбачыць спосаб, якім атрыманая вера ўвасобілася ў культуры і працягвае перадавацца", - заўважыў Папа.
Святы Айцец таксама звярнуў увагу на неабходнасць пільнасці і тэалагічнага і душпастырскага распазнання ў адносінах да народнай рэлігійнасці. Ён папярэдзіў аб рызыках абмежавання знешнімі або фальклорнымі аспектамі без вядзення да сустрэчы з Хрыстом, а таксама аб небяспецы выкарыстання народнай пабожнасці для ўмацавання ідэнтычнасці.
Папа Францішак падкрэсліў важнасць развіцця канцэпцыі здаровай свецкасці, якая з'яўляецца не статычнай і застылай, але эвалюцыйнай і дынамічнай. Ён заклікаў да пастаяннага супрацоўніцтва паміж грамадзянскімі і касцельнымі ўладамі на карысць усяго грамадства.
У заключэнні Святы Айцец заахвоціў моладзь больш актыўна ўдзельнічаць у сацыяльна-культурным і палітычным жыцці, а таксама заклікаў душпастыраў, вернікаў і палітыкаў заставацца блізкімі да народа, прыслухоўвацца да яго патрэб і інтэрпрэтаваць яго надзеі.