Святы Айцец прыбыў на Корсіку з гістарычным візітам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святога Айца сустрэлі апостальскі нунцый у Францыі, арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ, міністр унутраных спраў і міністр па справах Еўропы і замежных спраў Францыі.
Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы, якая ўключала ваенныя ўшанаванні і прэзентацыю дэлегацый, Папа накіраваўся да старажытнага Баптыстэрыя Святога Яна, які з'яўляецца ўнікальным помнікам ранняга хрысціянства.
Баптыстэрый, адкрыты ў 2005 годзе падчас археалагічных раскопак, датуецца пачаткам VI стагоддзя. Ён уяўляе сабой выдатны прыклад ранняй хрысціянскай архітэктуры з крыжападобным басейнам для хрышчэння і меншай цыліндрычнай ёмістасцю, якая верагодна выкарыстоўвалася для абраду амывання ног катэхуменаў.
Падчас наведвання Баптыстэрыя адбылася кароткая малітоўная цырымонія, дзе малады вернік прачытаў Credo, пасля чаго Францішак, праязджаючы на папамабілі, акрапіў прысутных асвячонай вадой.
Пасля наведвання старажытнага Баптыстэрыя Святога Яна, папскі картэж накіраваўся да Палаца кангрэсаў і выставак, які знаходзіцца ўсяго ў 300 метрах. У сучасным будынку, які з'яўляецца галоўнай пляцоўкай для правядзення значных падзей у сталіцы Корсікі, Францішак прыме ўдзел у міжнародным кангрэсе на тэму народнай рэлігійнасці.