Францішак: Юбілей – нагода для спынення агню на ўсіх франтах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Аўтар кнігі Юбілей надзеі (Giubileo della speranza) – італьянскі журналіст Франчэска Антоніа Грана. Выданне выйшла ў выдавецтве Elledici.
У прадмове да кнігі Святы Айцец падзяліўся сваёй марай пра свет, у якім зброя ляжыць на складах, дзе вытворцы зброі не спрабуюць зарабляць на смерці людзей, дзе смяротнае пакаранне не існуе, а зняволеныя атрымліваюць “формы амністыі”.
Заклік да спынення войнаў
"Як бы я хацеў, каб наступны Юбілей стаў нагодай для спынення агню ва ўсіх краінах, дзе ідзе вайна!" - напісаў Пантыфік. У вайны не бывае пераможцаў: усе бакі заўсёды церпяць паражэнне, - падкрэсліў ён. Гэтыя ж самыя думкі ён выказваў і ў Юбілейнай буле Spes non confundit. Яны засноўваюцца на перакананні Францішка ў тым, што надзея – гэта не проста аптымізм ці пазітыўнае ўспрыманне будучыні, а “канкрэтная цнота, жыццёвая ўстаноўка, звязаная з канкрэтным выбарам. Надзея патрабуе намаганняў кожнага для дасягнення дабра”. Захаванне надзеі – гэта каштоўная “сацыяльная, інтэлектуальная, духоўная, мастацкая і палітычная дзейнасць у вышэйшым сэнсе гэтага слова. Захоўваць надзею значыць аддаваць свае навыкі і рэсурсы на карысць агульнага дабра", - падкрэсліў Папа.
Юбілей як пастырскі інструмент
Францішак звярнуў увагу на парадокс, які тычыцца мігрантаў: іх небяспечныя, часам трагічныя, падарожжы, “сапраўдныя падарожжы адчаю" называюць падарожжамі надзеі. Папа таксама нагадаў пра неабходнасць стварэння “годных умоў” для турэмных зняволеных і адмены смяротнага пакарання, якое ён лічыць "непрымальным, бо яно парушае недатыкальнасць і годнасць чалавека". Юбілей – гэта “не проста каляндарная падзея, а сапраўдны пастырскі інструмент, якім, пачынаючы з XIV стагоддзя па сённяшні дзень, карыстаюцца Пантыфікі для таго, каб адказаць на патрабаванні свайго часу”, - напісаў Папа.
Момант для пераасэнсавання жыцця
У наступным 2025 годзе мільёны пілігрымаў пройдуць праз Святую Браму ў Базіліцы Святога Пятра і трох іншых папскіх базіліках. Францішак спадзяецца, што гэтае паломніцтва стане “не проста турыстычным падарожжам або дасягненнем мэты, як гэта адбываецца на Алімпійскіх гульнях”, а “сапраўднай падставай для навяртання, для перагляду жыцця ў святле Евангелля", і што кожны пілігрым здзейсніць тайны жэст міласэрнасці.
Прыклад маладых святых
Падчас Юбілейных урачыстасцей будуць кананізаваны два маладыя святыя – П’ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс. На думку Папы, іх прыклад заклікае сучасную моладзь не "жыць на канапе" свайго жыцця, але, з Езусам у сэрцы, напаўняць яго прыгажосцю любові і служэння.