Пошук

Францішак да метадыстаў: настойліва ісці па шляху да адзінства

Пра станоўчыя змены ў адносінах паміж католікамі і метадыстамі, а таксама пра важнасць руху па шляху да хрысціянскага адзінства, казаў 16 снежня 2024 года Францішак, прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Сусветнай рады метадысцкіх Цэркваў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй прамове Святы Айцец адзначыў станоўчыя змены ў адносінах дзвюх канфесій, якія адбыліся ў апошнія шэсцьдзесят гадоў. “Доўгі час метадысты і католікі былі адчужаныя і ставіліся адзін да аднаго насцярожана. Аднак сёння мы можам падзякаваць Богу за тое, што на працягу амаль шасцідзесяці гадоў мы ідзём шляхам узаемнага пазнання, разумення і перш за ўсё любові”, - зазначыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што прымірэнне – гэта справа сэрца. “Калі Cэрца Езуса дакранаецца да нашых сэрцаў, Ён змяняе нас. Менавіта так нашы супольнасці змогуць аб'яднаць свае розумы і волю, каб дазволіць Святому Духу кіраваць імі як братамі і сёстрамі. Гэта падарожжа патрабуе часу, але мы павінны працягваць ісці па гэтым шляху, заўсёды засяроджваючыся на Сэрцы Хрыста, таму што менавіта гэта Сэрца вучыць нас добра ставіцца адзін да аднаго і служыць Валадарству Божаму (Dilexit nos, 28)”, - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра 1700-годдзе Першага Сусветнага сабора ў Нікеі. Гэта падзея нагадвае пра агульную веру і адказнасць усіх хрысціян за тое, каб несці знакі надзеі і сведчыць пра Божую прысутнасць у свеце. Гэта заклік да ўсіх Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцей настойліва ісці па шляху да адзінства, "каб усе былі адно".

Пантыфік прыгадаў словы праваслаўнага багаслова, епіскапа Зізіуласа, які лічыў, што сапраўднае адзінства будзе дасягнута на наступны дзень пасля Апошняга суду, але да таго часу неабходна падтрымліваць братэрскія адносіны, “разам маліцца, займацца дабрачыннасцю і рухацца наперад у дыялогу”.

Папа выказаў падзяку пастарам і тэолагам, якія працавалі ў Міжнароднай сумеснай камісіі па дыялогу паміж Сусветнай радай метадысцкіх Цэркваў і Каталіцкім Касцёлам, і заклікаў цяперашніх членаў Камісіі працягваць у тым жа духу. Завяршылася прамова пажаданнем шчаслівага Божага Нараджэння.

16 снежня 2024, 13:22