Пошук

Імша ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця: Марыя – узор любові

"Бог абраў Марыю, Ён абраў жанчыну ў якасці спадарожніцы для сваёй задумы Збаўлення. Няма Збаўлення без жанчыны", - сказаў Папа падчас Імшы з удзелам новых кардыналаў, якая 8 снежня 2024 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Пантыфік узначаліў святую Імшу, якая прайшла ў ватыканскай базіліцы. У сваёй гаміліі ён паразважаў пра постаць Марыі, яе духоўную прыгажосць і значэнне ў хрысціянскай традыцыі. "Вітай, поўная ласкі" (Лк 1,28). З такім прывітаннем анёл увайшоў у сціплы дом у Назарэце, каб раскрыць Марыі таямніцу яе Беззаганнага Сэрца, з моманту зачацця неўспрымальнага да плямаў першароднага граху.

Папа прапанаваў спыніцца на імгненне, каб пасузіраць Марыю ў трох аспектах яе жыцця: дачкі, нявесты і маці.

Як бязгрэшная дачка, Марыя паўстае перад намі маладой дзяўчынай, багатай верай, сціплай і простай. Яна – Дзева (пар. ЛК 1,27), у поглядзе якой адлюстроўваецца любоў Айца, а чыстае сэрца напоўнена ласкай і ўдзячнасцю. Яе прыгажосць параўноўваецца з кветкай, якая вырасла ціха і незаўважна і, нарэшце, гатова заквітнець, прыносячы сябе ў дар.

У якасці нявесты Марыя становіцца той, каго Бог абраў у якасці спадарожніцы для сваёй задумы збаўлення. “Бог абраў Марыю, Ён абраў жанчыну ў якасці спадарожніцы для сваёй задумы Збаўлення. Няма Збаўлення без жанчыны, таму што Касцёл – таксама жанчына”, - сказаў Папа. Шматгранная, як брыльянт, прыгажосць Марыі-нявесты раскрываецца тады па-новаму: яна становіцца ўзорам вернасці і клопату, уласцівых сужэнскай любові.

Як Маці, Марыя заўсёды знаходзіцца побач з Сынам. “Самы распаўсюджаны спосаб, якім мы адлюстроўваем яе: з дзіцяткам Езусам на руках або схіліўшыся над Сынам Божым, які ляжыць у яслях” (пар. Лк 2,7), - нагадаў Папа. Яе матчына любоў праяўляецца ва ўсіх жыццёвых абставінах да самага Крыжа, калі сам Езус даручае яе нам як Маці (пар. Ян 19, 25-27). Тут прыгажосць Марыі заключаецца ў яе ахвяраванні жыццём, яе гатоўнасці “забыць пра сябе, каб клапаціцца пра тых, хто малы і безабаронны”.

Францішак заклікаў не лічыць гэтую прыгажосць недасягальнай. Усе хрысціяне атрымліваюць яе ў дар падчас хросту, калі вызваляюцца ад граху і становяцца дзецьмі Божымі. У хросце яны атрымліваюць дар быць падобным да Марыі – здольнымі любіць даччынай, сужэнскай і матчынай любоўю. “З Божай ласкай, мы ўсе можам дапамагчы змяніць наш свет да лепшага”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на праблемы сучаснага грамадства. Самаўпэўненасць, “прэзумпцыя самадастатковасці не спараджае ні любові, ні шчасця”. Абыякавасць да блізкіх, “адмова ад устойлівых і трывалых сувязяў насамрэч не дае свабоды”.

“Той, хто не паважае бацьку і маці, хто не хоча дзяцей, хто лічыць іншых людзей аб'ектам або перашкодай, хто лічыць велікадушнасць стратай, а салідарнасць збядненнем, той не пашырае ні радасці, ні будучыні. Для чаго патрэбныя грошы ў банку, камфорт у кватэрах, фальшывыя "кантакты" віртуальнага свету, калі сэрцы застаюцца халоднымі, пустымі, замкнутымі? Што добрага ў высокім узроўні фінансавага росту прывілеяваных краін, калі палова свету памірае ад голаду і вайны, а астатнія застаюцца абыякавымі? Што добрага ў падарожжах па ўсяму свету, калі кожная сустрэча зводзіцца да імгненных эмоцый і фатаграфій, якія забываюцца праз некалькі дзён ці месяцаў?” - запытаў Святы Айцец.

Папа заклікаў да навяртання і “пераўтварэння ў супольнасць, у якой дзеці, сужэнства і мацярынства з'яўляюцца нормай і крытэрыем жыцця: дзе сем'і збіраюцца разам, муж і жонка падтрымліваюць адзін аднаго ва ўсім, а бацькі заўсёды побач са сваімі дзецьмі”.

“Мы цэлебруем гэтую Эўхарыстыю разам з новымі кардыналамі. Гэта браты, якіх я запрасіў дапамагчы мне ў служэнні Паўсюднаму Касцёлу. Яны паходзяць з розных куткоў свету, але нясуць адзіную шматаблічную Мудрасць, каб спрыяць росту і распаўсюджванню Валадарства Божага. Давайце даручым іх заступніцтву Маці Збаўцы”, - завяршыў гамілію Францішак.

08 снежня 2024, 10:48