Кардынал Руіні: веру трэба прапаноўваць і сведчыць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
8 снежня 2024 года кардынал Руіні адзначыў 70-годдзе свайго прэзбітэрскага пасвячэння. Ён быў Папскім вікарыем для Рымскай дыяцэзіі (1991-2008) і ўзначальваў Канферэнцыю Біскупаў Італіі (1991-2007).
Успамінаючы пра сваю першую асабістую сустрэчу з Янам Паўла ІІ, іерарх расказаў, што восенню 1984 года быў нечакана запрошаны на вячэру ў Ватыкан. Папа хацеў абмеркаваць з ім сітуацыю ў Канферэнцыі Біскупаў Італіі і кангрэс Касцёла ў Італіі, які павінен быў адбыцца ў Ларэта. Пантыфік хацеў шчыра паразмаўляць, каб даведацца пра праблемы, якія існавалі, дзякуючы чаму мог бы “прыбыць на кангрэс падрыхтаваным, ведаючы, што сказаць, што адказаць”. “Так узнікла глыбокая сувязь, якая трывала да самай яго смерці”, - падзяліўся кардынал Руіні.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці разважаў Папа ў паняццях “мы” і “яны” ў адносінах да камуністаў, іерарх адзначыў, што “Ян Павел ІІ добра ведаў сапраўдны камунізм” і не лічыў, што з імі можна дамовіцца. І хоць “ён быў цвёрдым у адносінах да камуністаў, ён не быў кансерватарам. Ён з радасцю прыняў Другі Ватыканскі Сабор. Для яго Сабор быў найвялікшай ласкай ХХ стагоддзя”, - дадаў кардынал.
У адрозненні ад Яна Паўла ІІ, “Бэнэдыкт XVI не адчуваў сябе камфортна ў практычным кіраванні Касцёлам і ён першым прызнаў гэты недахоп”. Але “сваім вучэннем і малітвамі ён зрабіў вельмі шмат добрага для Касцёла і грамадства”, - сцвердзіў іерарх.
З Францішкам, які быў абраны Папам, калі Руіні ўжо быў на пенсіі, у кардынала не склалася такой блізкай сувязі, як з яго папярэднікамі. “Але я ні ў якім разе не адношуся да Папы Францішка варожа. Я не згодны з тымі, хто не бачыць нічога добрага ў яго пантыфікаце і нават ставіць пад сумнеў яго легітымнасць”, - падкрэсліў былы старшыня італьянскага епіскапата.
Адказваючы на пытанне пра тое, як ён уяўляе сябе Касцёл у будучыні, кардынал Руіні прызнаўся, што заўсёды быў “прыхільнікам народнага Касцёла”, але цяпер бачыць, што хутка ён скарачаецца. Іерарх спадзяецца, што “збудзецца прадчуванне Бэнэдыкта XVI адносна таго, што невялікія крэатыўныя супольнасці стануць закваскай для грамадства ў хрысціянскім сэнсе”. У той жа час кардынал перасцярог ад заняцця выключна абарончай пазіцыі і заклікаў прапаноўваць і сведчыць веру. “У Італіі і Еўропе для гэтага дастаткова месца”, - сказаў ён, ставячы ў прыклад невялікую групу католікаў у Скандынавіі, якія дасягаюць добрых вынікаў.
Іерарх узначальваў камісію па расследаванні меркаваных аб’яўленняў у Меджугор’і. На яго думку, першыя з іх, у якіх “Багародзіца сапраўды прамаўляла”, былі праўдзівымі. “Што датычыць астатніх, я ўстрымліваюся ад суджэнняў”, - сказаў кардынал Руіні.